У Гарадзенскай вобласці пачалі „максімальна аператыўна” складаць „базу дармаедаў”



На пашыранай нарадзе старшыня Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік даў загад „максімальна аператыўна скласці базу дадзеных тых, хто не працаўладкаваны”, паведамляе сайт аблвыканкаму.

„Тым, хто хоча працаваць, – дапамагчы. Тых, хто заняты ў ценявым бізнэсе, – вывесці на празрыстую эканамічную дзейнасць. Да ўзаемадзеяння з выпіваючымі і тымі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, падключаць псіхолагаў і наркалагічную службу”, – паставіў задачу Каранік.

Таксама былы міністр аховы здароўя выказаўся наконт сітуацыі з каронавірусам у рэгіёне. Ён адзначыў, што „сістэмная праца ў рэалізацыі супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў на Гарадзеншчыне дала свае вынікі. Каб іх захаваць, важна не аслабляць прафілактычную кампанію”. У сувязі з гэтым Уладзімір Каранік рэкамендаваў узважана падысці да арганізацыі навагодніх урачыстасцяў. Ладзіць святы для дзяцей з мінімальнай прысутнасцю бацькоў, урачыстасці і карпаратывы лепш перавесці ў анлайн-фармат.

Нагадаем, што 7 снежня задачу „неадкладна заняцца працаўладкаваннем беспрацоўных” паставіў Лукашэнка. 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: sputnik.by