Аднаму з найлепшых беларускіх краязнаўцаў – 60
9 снежня спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэнння беларускага краязнаўца, пісьменніка і педагога Ігара Пракаповіча з Паставаў.
Зацікаўленне родным краем пачалася ў Ігара Пракаповіча ў далёкім 1985 годзе, калі ён, выпускнік геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, вярнуўся са сталіцы на радзіму і быў накіраваны на працу ў невялікую васьмігодку ў вёску Апідамы, што на мяжы з Літвой. Там паспрабаваў ладзіць першыя вандроўкі з вучнямі і быў уражаны, што амаль у кожным вакольным паселішчы былі нейкія цікавосткі: стараверскія храмы, каплічкі, помнікі, легенды, паданні, гісторыі, пра якія нідзе ніякай інфармацыі знайсці не ўдавалася. Таму і пачаў занатоўваць, фатаграфаваць, запісваць на магнітафонную стужку. Спачатку гэта ўсё збіралася хаатычна, ад вандроўкі да вандроўкі. Пазней работа набыла больш сістэмны характар. На гэта паўплываў і ўдзел у 1990-я гады ў Віцебскіх абласных краязнаўчых спаборніцтвах “Мой родны кут”, якія арганізаваў метадыст аддзела краязнаўства цэнтра пазашкольнай работы Віцебскага упраўлення адукацыі Алег Куржалаў. Ён зрабіў вялікі ўплыў і на Ігара, і на многіх краязнаўцаў Віцебшчыны, быў іх “хросным бацькам” у гэтым напрамку дзейнасці. Менавіта дзякуючы яму, Ігару ўдалося наведаць архівы і музеі Віцебска, Менска, Вільні, Пецярбурга, здзейсніць цікавую паездку ў Польшчу (Беласток, Варшава, Кракаў, Люблін). Гэта быў вялікі досвед, добрая навука. І ён зразумеў тады, што не трэба марнаваць час на тое, каб агітаваць і заклікаць некага да пэўных відаў дзейнасці, праводзіць разборкі і гаварыльню па нейкіх пустых справах, а трэба дзейнічаць і сваімі справамі, і пазіцыяй даваць прыклад іншым: размаўляць на роднай мове, шанаваць родную гісторыю, культуру, геаграфію, у межах абставін змяняць жыццё да лепшага.
У сярэдзіне 1990-х Ігар Пракаповіч паступіў у аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі, дзе на аснове агульнай тэорыі сістэм распрацаваў сістэму школьнага краязнаўства, галоўныя палажэнні якой апісаны ў адной са сваіх манаграфій.
Працуючы ў школе і ў гімназіі Ігар стараецца далучыць да краязнаўства вучняў: разам з імі выдаў сем невялічкіх кніжачак пра вёскі, вуліцы горада Паставы, дзіцячыя гады У. Дубоўкі і іншыя. З-пад пяра самога Ігара Пракаповіча выйшлі з друку больш за 50 кніг па краязнаўству. Ён з’яўляецца адным з найлепшых даследчыкаў роднага краю ў Беларусі. Калі б па аднаму такому Ігару Пракаповічу на кожны раён Беларусі, то наша Бацькаўшчына была б грунтоўна даследавана.
Краязнаўчая і літаратурная творчасць Ігара Пракаповіча ўшанавана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй Рэспублікі Беларусь… Са святам, з юбілеем Вас, спадар Ігар! Няхай і надалей Вам шчыра і плённа працуецца і пішуцца новыя кнігі!
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя