Разгляд справы журналіста Яна Романа перанеслі
У судзе Кастрычніцкага раёну Гародні пачаўся судовы працэс над незалежным журналістам Янам Романам. Судзіць журналіста суддзя Алена Тоўсцік-Самойла.
Пра тое, за што яго судзяць, кажа Ян Роман:
– Усё адбылося 10 жніўня каля будынка Кастрычніцкага РАУС, калі былі затрыманы сотні жыхароў нашага горада ў ноч з 9 на 10 жніўня пасля выбараў. Я сустракаў людзей, як журналіст працаваў, рабіў матэрыял для аднаго з выданняў, на якія я працую. Нечакана з’явіўся АМАП, пачаўся жорсткі разгон. У выніку я атрымаў траўму галавы, выбітыя зубы, зламаную руку, ноч у пастарунку. І па выніках судовага выязнога паседжання атрымаў 15 базавых велічынь штрафу.
Журналіст ужо абскардзіў першы прысуд:
– Абскардзіў абласны суд. Суд адмяніў рашэнне, накіраваў справу на паўторны разгляд. Зараз адбываецца разгляд гэтай справы. Сведкамі з’яўляюцца два супрацоўнікі АМАПу, якія, паводле пратаколу, мяне затрымлівалі. І хаця я не ўпэўнены, што гэта менавіта яны былі, бо ўсе былі ў балаклавах.
Разгляд справы Яна Романа працягнецца 15 снежня, бо суддзя захацела азнаёміцца з рэдакцыйным заданнем журналіста, а таксама выклікала ў суд сведкау – АМАПаўцаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча