Віцебскіх святароў судзяць за малітву



У судзе Першамайскага раёна разбіраюць справы затрыманых учора ксяндза Віктара Жука, грэка-каталіцкага святара Аляксея Варанко і іх сябра Аляксея Каракова.

Усіх траіх міліцыянты затрымалі ўчора непадалёк ад гандлёвага цэнтра „GREEN” і склалі пратаколы за несанкцыянаванае пікетаванне. Падчас судовых працэсаў, якія праз Скайп вёў суддзя Міхаіл Юрчанка, усе трое тлумачылі, што не ладзілі пікет, а маліліся за жыхароў Беларусі. Пры гэтым Аляксей Варанко трымаў бел-чырвона-белы сцяг.

Суд пастанавіў, што ў дакументах справаў недастаткова звестак, каб прыняць рашэнне. Таму афіцыйныя паперы накіравалі на дапрацоўку ў Першамайскі РАУС. У ізалятары часовага ўтрымання сваякам падсудных паведамілі, што яны вольныя. Дата працягу судовага працэсу пакуль не вядомая.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск