KYKY паведаміў аб блакаванні Мінінфармам доступу да свайго сайта
Згодна з рашэннем Міністэрства інфармацыі інфармацыйны партал KYKY.org заблакаваны на тэрыторыі Беларусі, паведамляе рэдакцыя KYKY у сваім тэлеграм-канале.
„Такім чынам, гэта ўсё ж адбылося — хоць і на некалькі месяцаў пазней, чым мы думалі. KYKY заблакаваны на тэрыторыі Беларусі паводле рашэння Мінінфарма. Мы не сумуем, таму што ведаем: вы разбіраецеся ў ВПНах і сучасных трафіках лепш, чым дзяржаўныя міністэрствы — у блакаваннях. Мы працягнем працаваць, няхай гэта і клапотная справа!” — піша KYKY.
Праблемы ў анлайн-часопіса пачаліся пасля затрымання 27 жніўня дырэктара рэкламнага агенцтва Vondel/Hepta і сузаснавальніка KYKY Аляксандра Васілевіча. У той дзень у офісе агенцтва супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю правялі ператрус.
У офіс джыджытал-агенцтва Red Graphic, якім валодае жонка Васілевіча Надзея Зелянкова, таксама прыехалі для ператрусу супрацоўнікі ДФР. Адначасова два супрацоўнікі ў цывільным прыйшлі да маці Зелянковай „для гутаркі”. Ператрус быў таксама праведзены дома ў дырэктара часопіса Сашы Раманавай.
Пасля гэтага дырэктар, галоўны рэдактар і частка рэдакцыі KYKY часова выехалі з краіны. „Мы зрабілі гэта, каб захаваць выданне і каманду фізічна і маральна. Інакш мы не змаглі б далей працаваць з такой інтэнсіўнасцю”, — паведамілі журналісты.
„Мы ўпэўненыя, што вернемся. Жыць у эміграцыі наогул не ўваходзіць у нашы планы. Мы любім хадзіць з вамі на адны і тыя ж мірныя акцыі. Мы адчуваем гонар, калі пішам пра вашы нерэальна смешныя плакаты, пра вашу бясстрашнасць перад сілавікамі, пра тое, як вас шмат і як вы зрабілі фенаменальную перамену грамадзянскай свядомасці ў краіне”, — гаварылася ў паведамленні.
1 верасня стала вядома пра блакаванне рахунку кампаніі „Мінт-Медыя”, якая працуе над анлайн-часопісам KYKY.org. Рэдакцыя паведаміла, што такое рашэнне прыняў ДФР КДК. „Па ўсёй бачнасці, яно абумоўлена крымінальнай справай, якая заведзена на нашага сузаснавальніка Сашу Васілевіча. Нагадаем, ёсць усе падставы лічыць гэтую справу палітычнай”, — адзначылі ў KYKY.
У чым абвінавачваецца бізнэсмэн, да гэтага часу не паведамляецца. Ён знаходзіцца пад вартай. Тэрмін зняволення працягваўся двойчы. Праваабаронцы прызналі Васілевіча палітвязнем.
Фота: accent.setka.io