Францыя нагадала, што не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі
Прэс-служба французскага пасольства распаўсюдзіла паведамленне аб уручэнні новым амбасадарам Францыі Нікаля дэ Лакостам копій даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею.
Сустрэча адбылася 8 снежня, паведамляе REFORM.by. «Амбасадар падзякаваў беларускім уладам за спачуванні, накіраваныя на адрас спадара прэзідэнта Эманюэля Макрона ў сувязі са смерцю былога прэзідэнта спадара Валеры Жыскар д’Эстэна» — гаворыцца ў паведамленні.
У прэс-рэлізе падкрэсліваецца, што сустрэча стала нагодай для разгляду стану двухбаковых адносін.
«Яна таксама дазволіла Францыі выказаць заклапочанасць з нагоды пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і пацвердзіць сваю салідарнасць з еўрапейскімі партнёрамі, а менавіта з амбасадарамі Польшчы і Літвы, аб вяртанні ў Менск якіх было запытана» — паведамілі ў амбасадзе і нагадалі, што Францыя не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года ў Беларусі.
Нагадаем, учора МЗС Беларусі паведаміў аб сустрэчы міністра з новым паслом і аб уручэнні копій даверчых грамат. Грамадскасць ацаніла гэты факт як прызнанне афіцыйным Парыжам уладаў у Менску.
Па ўстаноўленых правілах, дыпламатычны прадстаўнік, які прыбыў у краіну, абавязаны для ажыццяўлення сваіх функцый як мага хутчэй уручыць даверчыя граматы кіраўніку дзяржавы краіны знаходжання. Прымаючы бок можа запатрабаваць адклікання амбасадара ў выпадку неапраўданай затрымкі ўручэння грамат. Учорашняя сустрэча — толькі папярэдняя, на якой кіраўнік дыпламатычнай місіі перадае копіі даверчых грамат.