Алег Трусаў: Менавіта Кебіч быў ініцыятарам прэзідэнцтва ў Беларусі
Ва ўзросце 84 гадоў памёр былы прэм’ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч. У снежні 1991 года ён разам са Станіславам Шушкевічам ад імя Беларусі падпісаў Белавежскія пагадненні. 26 лістапада Вячаслаў Кебіч захварэў на каронавірус і быў шпіталізаваны, дзе і памёр пасля спынення сэрца. «Ён быў чалавекам слова, добра ставіўся да беларускай мовы і культуры і не хацеў уводзіць сваю валюту», – пра ролю Вячаслава Кебіча ў лёсе Беларусі кажа дэпутат Вярхоўнага савета 12 склікання Алег Трусаў:
– Ён вельмі стараўся ўвесці пасаду прэзідэнта. І менавіта ён „зламаў” рукі дэпутатам, якія не хацелі прэзідэнцтва, асабліва былым камуністам. Артыкул па Канстытуцыі галасавалі ў яго кабінеце. То-бок ён галоўны віноўнік увядзення прэзідэнцтва ў нашай краіне. Бо ён сам хацеў стаць прэзідэнтам. І каб не Кебіч, засталася ў нас нармальная парламенцкая рэспубліка. І лёс наш быў бы зусім не такі як сёння.
На першых прэзідэнцкіх выбарах улетку 1994 года Вячаслаў Кебіч з’яўляўся галоўным супернікам цяперашняга кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Тады ў другім туры ён набраў крыху больш за 14 адсоткаў галасоў выбаршчыкаў.
Беларускае Радыё Рацыя