Пра жалезную заслону
Чыноўнікі абяцалі, што збіраюцца спыніць уцечку мазгоў. Вуаля. Абяцанне здзейснілі. Праўда, як заўжды, у іхнім стылі. Вы думаеце беларусам прапанавалі свабоду? Не. Паўночная Карэя наблізілася да нас яшчэ на адзін крок. Вітаем таварыша Кім Ір Аляксандра. Беларусам з 20 снежня забароняць выязджаць з Сінявокай. Гэта стала вядома з пастановы Савета міністраў. Афіцыйная прычына – “санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт насельніцтва”. Так што, калі вы хочаце нарэшце разарваць стасункі з любімай радзімай, то паспяшайцеся: часу засталося зусім мала.
Бывай турыстычны бізнэс. Бывай свабода перамяшчэння. Пасля 20 снежня выехаць з Беларусі змогуць дыпламаты, чальцы афіцыйных груп і студэнты, якія вучацца за мяжой. Апошнім, праўда, гэта можна зрабіць раз на паўгода. Дзіўна, улічваючы той факт, што межы закрылі нібыта праз пандэмію. Але нешта нідзе не сустракала, што пандэмія будзе цягнуцца так доўга. Можа быць, беларускія ўлады нешта ведаюць. Але, хутчэй за ўсё, пастанова аб забароне на выезд выкліканая банальнай помстай і спробай паказаць, хто тут гаспадар. Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў на алімпіяду ездзіць, а за гэта ўсім беларусам забаронілі выязджаць. Хаця ад цяперашніх уладаў Беларусі ніхто нічога нармальнага не чакае.