Пра плакат „Дземянцей – смерць нашых дзяцей”
У 1990 годзе стаялі на Чарнобыльскай акцыі ў Менску на плошчы Леніна каля галоўнага корпуса БДУ.
Недалёка ад нас стаяла жанчына з плакатам „Дземянцей – смерць нашых дзяцей”.
Наша аднагрупніца, родам з Моталя, паглядзела і сказала:
„У яго дзеці ж ёсць, унукі, як ім цяпер сорамна”.
А другая, родам з вёскі, адказала:
„Яны так накраліся, у іх столькі грошай, што ім цяпер нічога не сорамна”.
Я тады здзвілася слову „накраліся” – гэта была логіка дзяўчыны з вёскі, дзе палітыка наўпрост спалучалася з грашыма.
А між тым быў красавік 1990 год, СССР яшчэ існаваў, і на занятках па навуковым камунізме і палітэканоміі мы вывучаем зусім іншыя схемы.
Дыялог пра сорам і грошы на фоне чарнобыльскага плаката ўразіў тым, што ні першая (пра сорам), ні другая (пра грошы) думка нават у галаву не прыходзіла.
Першая – сорам за сваяка, другая – пра адсутнасць сораму, пры наяўнасці грошы. Грошы, якія перамагаюць сорам. І тое, што вынікла размова з плаката, які таксама быў досыцьспрэчным.
Сяргей Навумчык, мемуарыст і палітык патлумачыў: “Дземянцея ведаў зь дзяцінства, у Віцебску жылі ў адным доме. Апошнія 15 гадоў жыцця ён уваходзіў у лік вышэйшых кіраўнікоў Беларусі, і як сакратар ЦК, і як старшыня ВС. Той плакат меў на ўвазе Чарнобыль, і адказнасць ягоная тут несумненная. Але што да матэрыяльных дабротаў, дык у параўнанні зь сённяшнімі кіраўнікамі раёнаў (не бяру вышэй), Мікалай Іванавіч і ягоныя нашчадкі – жабракі. я магу сказаць дакладна, што дзесяткі, калі не сотні старшыняў калгасаў, розных базаў і г.д. (і іх дзеці) у матэрыяльным сэнсе жылі значна лепш, чым той жа сакратар ЦК па сельскай гаспадарцы Дземянцей. Бо маглі красці, а сакратар ЦК – не. Дача ў Драздах, службовыя аўто – усё гэта было не ягонае асабістае. Пасля сыходу на пэнсію яшчэ ў савецкія часы ўсё, што заставалася ў кіраўнікоў БССР і вобласцяў – гэта кватэры. Кватэры, праўда, былі добрыя, па тых часах. Але грошай, як правіла, не было”.