У Беларусі абноўлены сутачны рэкорд выяўленых выпадкаў COVID-19 — 1.939
За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.939 новых выпадкаў COVID-19, што з’яўляецца новым рэкордным прыростам з пачатку эпідэміі каронавіруса ў Беларусі.
Памерлі восем чалавек з каронавіруснай інфекцыяй, вынікае са звестак Міністэрства аховы здароўя.
9 снежня быў зарэгістраваны 1.851 выпадак каронавіруса, памерлі восем чалавек.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 154.392, памерла 1.238 пацыентаў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй.
Ачуняла 132.085 пацыентаў. За суткі выпісана з устаноў аховы здароўя 2.135 пацыентаў з COVID-19.
За суткі выканана 29.548 тэстаў. Усяго ў краіне праведзена 3.517.016 тэстаў на каронавірус.
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, рэкорды захворвання ў Беларусі абнаўляліся 3 (1.701 выпадак), 4 (1.774) і 5 (1.896) снежня, а 6, 7 і 8 снежня колькасць хворых на COVID-19 паступова зніжалася — 1.878, 1.796 і 1.649 выпадкаў за суткі адпаведна.
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы (Менская вобласць) 8 снежня выказаў надзею, што эпідэмія каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі выйшла на плато.