Ціханоўская: Наша стратэгія не змянілася



Стратэгія барацьбы прыхільнікаў перамен з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі засталася ранейшай і ўяўляе сабой мірную рэвалюцыю, заявіла ў інтэрв’ю балтыйскаму інфармагенцтву BNS Святлана Ціханоўская.

„Наша стратэгія не змянілася — гэта мірная рэвалюцыя, — сказала яна. — Спачатку ціск на рэжым, потым — перамовы і новыя выбары. Мы знаходзімся на першым этапе ціску — ціску як унутры краіны, так і за яе межамі. Многія заўважылі памяншэнне колькасці людзей на вуліцах. Але трэба разумець, што многіх актывістаў саджаюць, надвор’е халоднае, людзі стаміліся, але працягваюць выходзіць. Я думаю, што зімой будзе квітнець „падпольная рэвалюцыя”. Гэта будзе вельмі клапотна для рэжыму, таму што ім не будзе каго саджаць у турмы, а ўсюды будуць сцягі, сімвалы пратэсту”.

„Мы зараз таксама чакаем трэцяга пакета санкцый ЕЗ, вельмі важна, колькіх людзей ён закране і ці будуць уведзеныя эканамічныя санкцыі. Эканамічныя санкцыі вельмі эфектыўныя ў барацьбе за дэмакратычную Беларусь”, — падкрэсліла Ціханоўская. Яна адмовілася называць кампаніі, якія, на яе думку, павінны быць уключаныя ў санкцыйны спіс, заявіўшы, што „гэта павінен вырашыць ЕЗ”.

Каментуючы магчымасць сыходу Лукашэнкі пасля канстытуцыйнай рэформы, Ціханоўская падкрэсліла, што ён „не мае права змяняць Канстытуцыю”. Актыўнасць уладаў вакол канстытуцыйнай рэформы яна лічыць спробай Лукашэнкі „проста выйграць для сябе час, каб паказаць, што ён нібыта нешта робіць для дэмакратызацыі краіны”.

„Але ўсё гэта хлусня, таму што ён ніколі нічога не рабіў для народа Беларусі, — перакананая экс-кандыдат у прэзідэнты. — Мы не ведаем, што ён хоча змяніць, ён гэта ні з кім не абмяркоўваў. Людзі не ведаюць, што адбываецца ў яго ў галаве. Як ён можа памяняць Канстытуцыю, калі яе будзе прымаць не народ?”

Ціханоўская пераканана, што змяненне Канстытуцыі неабходнае, але гэта павінна адбыцца падчас або неўзабаве пасля выбараў новага прэзідэнта Беларусі.

БелаПАН