Сяргей Ціханоўскі верыць у перамогу



Гарадзенка Вольга Верамеенка атрымала чарговы ліст з-за кратаў ад Сяргея Ціханоўскага.

Вольга кажа, што Сяргей у сваіх лістах верыць у перамогу і просіць дасылаць паштоўкі.

– Калі я пісала ліст, то я пыталася ў яго: ці атрымліваў ён нашыя паштоўкі, які гарадзенскі мастак намаляваў пасля таго дня, калі затрымалі Ціханоўскага ў Гародні? Ён адказаў, што бачыў праз дзверы паштоўкі два разы, але мне іх не аддалі. Цэнзура. І нічога не зробіш. А ён хацеў, каб калі патрэбны лаканічны адказ – дык паштоўку дасылаць.

Сяргей Ціханоўскі піша таксама ў лістах „верым, можам, пераможам”, кажа Вольга Верамеенка

– Кажа, што бачыў адну цікавую паштоўку: птушка дзяўбе ствол дрэва і ўжо напалову. І надпіс: дзяўбсьці, дзяўбсьці, дзяўбсьці… Ён адразу пра рэжым падумаў. Піша: можа такія цэнзура прапусціць. Ну і пытаецца: як там Гародня? Калі перамога? І піша: верым, можам, пераможам. 29 лістапада ён напісаў мне ліст.

Блогер Сяргей Ціханоўскі затрыманы ў Гародні яшчэ ў траўні 2020 году і да сённяшняга часу знаходзіцца за кратамі.

29 чэрвеня 2020 году праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Сяргея Ціханоўскага а таксама некалькіх іншых арыштаваных апанентаў Лукашэнкі вязнямі сумлення.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча