Названыя лаўрэаты Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў сферы правоў чалавека (абноўлена)
Цырымонія, якую вёў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, з-за пандэміі каранавіруса праходзіла анлайн.
Лаўрэатам у намінацыі „Праваабаронца года” калегія журы назвала адваката Таццяну Агееву (пасмяротна).
„Яна адвакат са стажам 30 гадоў, восем гадоў праваабарончай дзейнасці, — сказаў Гарэцкі. — Пасля Плошчы 2010 года Тацяна Агеева была пазбаўлена ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць. Таццяна дапамагала Цэнтру прававой трансфармацыі (Lawtrend), супрацоўнічала з Беларускім дакументацыйным цэнтрам. Аўтар больш чым дзевяці індывідуальных зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН, адзін з іх — ад імя маці Юрыя Захаранкі”.
Агеева памерла 2 лістапада гэтага года, прычынай смерці стаў каронавірус. Прэмію за яе атрымаў сын, юрыст БАЖ Алег Агееў.
Акрамя Агеевай у шорт-ліст прэміі ў гэтай намінацыі ўвайшлі віцебскі праваабаронца Павел Левінаў і каардынатар валанцёрскай службы пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” Марыя (Марфа) Рабкова, якую трымаюць за кратамі і якая прызнана праваабаронцамі палітвязнем.
Перамогу ў намінацыі „Журналіст года” падзялілі журналісткі партала tut.by Кацярына Барысевіч і тэлеканала „Белсат” Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар`я Чульцова. Усе яны таксама знаходзяцца пад вартай і прызнаныя палітвязнямі.
„Кацярына Андрэева — гэта імя цяпер на слыху ў беларускім грамадстве і за межамі нашай краіны, — адзначыў Гарэцкі. — Гучыць яно ў сувязі з пераследам. Журналістка „Белсата” Кацярына Андрэева ўвесь час вяла стрымы, неаднаразова затрымлівалася і аштрафаваная за прафесійную дзейнасць. 15 лістапада яе затрымалі, калі яна вяла стрым з разгону дэманстрантаў на „плошчы Перамен”. 20 лістапада ёй было прад`яўлена абвінавачанне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.
Гаворачы пра Барысевіч, прадстаўнік БАЖ адзначыў, што падчас і пасля выбараў 2020 года яна пісала матэрыялы, прысвечаныя рэалізацыі і захаванню правоў і свабод чалавека. „За прафесійную дзейнасць — падрыхтоўку матэрыялу аб гібелі Рамана Бандарэнкі — яна знаходзіцца за кратамі і абвінавачаная паводле арт. 178 Крымінальнага кодэкса за нібыта распаўсюджванне медыцынскай таямніцы, што прывяло да цяжкіх наступстваў”, — сказаў Гарэцкі.
„Журналістка Дар`я Чульцова не раз была пакараная за сваю прафесійную дзейнасць, атрымлівала штрафы, — адзначыў ён. — 15 лістапада яна працавала разам з Кацярынай Андрэевай над стрымам з „плошчы Перамен”. Іх разам затрымалі. Яна таксама падазроная паводле арт. 342 КК”.
У намінацыі „Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года” найлепшай прызналі кампанію „byCOVID-19. Дапамога медыкам Беларусі”.
„Валанцёрская ініцыятыва byCOVID-19 арганізавала зборы ў падтрымку медыкаў у Беларусі падчас першай хвалі караонавірусу ў сакавіку—чэрвені 2020 года і аб`яднала больш за 1,5 тыс. валанцёраў па ўсёй Беларусі, — нагадаў вядучы. — Яны атрымлівалі заяўкі ад медыкаў і лякарняў, шукалі спонсараў, пастаўшчыкоў, закуплялі сродкі індывідуальнай абароны, канцэнтратары кіслароду і іншае абсталяванне. Сабралі праз краўндфандынг рэкордную на той час суму 360 тыс. долараў, на якую закупілі больш як 450 тыс. сродкаў індывідуальнай абароны для лекараў”.
Гарэцкі падкрэсліў, што ініцыятыва byCOVID-19 прадэманстравала „здольнасць беларускага грамадства аб`ядноўвацца і працаваць на карысць сумесных мэтаў”.
У шорт-ліст гэтай намінацыі таксама ўвайшлі валанцёрская служба ПЦ „Вясна” і кампанія „Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Нацыянальная прэмія за дасягненні ў сферы правоў чалавека была заснавана ў 2008 годзе арганізацыяй „Праваабарончы альянс”. З 2011 года яна з`яўляецца агульнай для ўсёй беларускай праваабарончай супольнасці. Арганізацыямі-сузаснавальнікамі прэміі выступаюць Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, ПЦ „Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, камітэт „Салідарнасць”, Цэнтр прававой трансфармацыі, „Прававая ініцыятыва”, а таксама грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры. Пераможцаў вызначае журы, куды ўваходзяць прадстаўнікі каля трох дзясяткаў арганізацый.
Фота: baj.by