Бел-чырвона-белая сімволіка не знікла з берасцейскіх вуліц
Бел-чырвона-белая сімволіка не знікла з берасцейскіх вуліц, проста камунальныя службы навучыліся вельмі хутка яе прыбіраць. Але ў зімовы час такая барацьба для камунальнікаў стане складаней, паколькі ў белых ды чырвоных колерах упрыгожваюцца елкі ды вокны ў дварах да навагодніх і калядных святаў, надалей вывешваюцца сцягі.
Распавядае берасцейскі грамадскі дзеяч Віктар Клімус:
– У мяне няма дадзеных, што супраць тых людзей, якія хочуць вывесіць у сябе на вокнах ці балконах бел-чырвона-белыя сцягі з боку кватэраў, ёсць нейкі ціск. Хто хоча, той вешае. І ў горадзе яшчэ заўважна сімволіка. І бел-чырвона-белыя сцягі, і іншыя сімвалы пратэсту нікуды не знікаюць. Налепкі, трафарэты ці проста пратэставыя графіці таксама перыядычна з’яўляюцца ў горадзе.
Таксама новы трэнд у рэгіёнах — фарбуюць лёд у бел-чырвона-белы сцяг. Для камунальных службаў гэта патрабуе яшчэ больш намаганняў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце