„Рэпарцёры без межаў”: Беларусь – самая небяспечная для журналістаў краіна Еўропы



Беларусь пацвярджае свой статус самай небяспечнай для журналістаў краіны Еўропы, за апошнія чатыры месяцы тут зафіксавана амаль 450 выпадкаў парушэння свабоды слова, заявіла міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”.

„З 9 жніўня было арыштавана прыкладна 370 журналістаў, восем з іх да гэтага часу знаходзяцца ў турме за сваю працу. Праваахоўныя органы наўмысна і жорстка нападаюць на журналістаў, якія асвятляюць дэманстрацыі, з відавочнай мэтай: прымусіць замаўчаць прэсу, каб „зніклі” пратэстныя рухі”, — адзначаюць „Рэпарцёры без межаў”.

Згодна з іх падлікамі, падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі (з 8 мая па 9 жніўня) правы журналістаў былі парушаныя 102 разы, у паслявыбарны перыяд (з 9 жніўня па 30 лістапада) — 449. „Да шматлікіх незаконных арыштаў дадаліся масавыя адкліканні акрэдытацыі, вобшукі, адключэнні інтэрнэту і цэнзура, а таксама стварэнне перашкод для друку і распаўсюджвання газет. Гэта стала паўсядзённай руціннай практыкай для СМІ, якія працуюць у атмасферы, што становіцца ўсё больш варожай”, — канстатуе арганізацыя.

З 368 журналістаў, затрыманых з 9 жніўня па 30 лістапада, прыблізна 80 атрымалі адміністрацыйны арышт не менш як на трое сутак. Улады „адмаўляюць ім у праве асвятляць падзеі, якія ўзрушылі краіну за апошнія чатыры месяцы”. Амаль усе пераследы „грунтуюцца на так званым удзеле ў незаконным сходзе або непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі і адбываюцца падчас несправядлівых судовых працэсаў з удзелам „сведак”, якія часта альбо ананімныя, альбо наогул не ўдзельнічаюць у працэсе”.

Аналіз „Рэпарцёраў без межаў” і іх партнёраў з Беларускай асацыяцыі журналістаў паказвае, што больш за траціну ўсіх журналістаў, якія знаходзіліся ў турме, трапілі туды ў лістападзе. Прыблізна кожны другі журналіст, арыштаваны за той жа перыяд, быў адпраўлены за краты. У жніўні гэтая прапорцыя складала менш за 10%. Не менш за 62 журналісты сталі ахвярамі гвалту, жорсткага абыходжання і катаванняў падчас утрымання пад вартай.

„Каб пакласці канец гэтым рэпрэсіям і закласці новыя асновы свабоды слова ў Беларусі”, „Рэпарцёры без межаў” распрацавалі 15 рэкамендацый уладам краіны і міжнародным структурам.

Рэкамендацыі ўладам:

1. У адпаведнасці з рэкамендацыямі дакладчыка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, апублікаванымі 5 лістапада 2020 года ў рамках Маскоўскага механізма, забяспечыць бяспечныя і спрыяльныя ўмовы для працы журналістаў і СМІ; арганізаваць бяспеку ўсіх журналістаў і ўстрымлівацца ад любых пераследаў, звязаных з выкананнем імі сваіх абавязкаў, стварэння такіх перашкод, як канфіскацыя і псаванне абсталявання; пераследаваць і судзіць у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі асоб, якія абвінавачваюцца ў парушэннях свабоды друку; неадкладна расследаваць усе паведамленні аб катаваннях, жорсткім абыходжанні, сексуальным гвалце і знікненнях, якія паступаюць ад незалежных арганізацый; аблегчыць акрэдытацыю замежных журналістаў; устрымлівацца ад любых умяшанняў у частцы доступу да інтэрнэту, уключаючы мабільны інтэрнэт, спыніць цэнзуру і блакаванне сайтаў навін і любыя абмежаванні для блогераў; спыніць пераследы з боку Міністэрства інфармацыі, накіраваныя на спыненне прызнання статусу СМІ для сайта навін tut.by, і разблакаваць 70 сайтаў; даць незалежным друкаваным выданням доступ да паслуг друкарняў і распаўсюджвання выданняў; спыніць абавязваць усе СМІ весці ўлік і раскрываць уладам звесткі асоб, якія пакідаюць каментары.

2. Спыніць крымінальныя і адміністрацыйныя вытворчасці, распачатыя ў дачыненні да журналістаў, перагледзець крымінальныя і адміністрацыйныя рашэнні, прынятыя ў дачыненні да іх.

3. Спрыяць наведванню краіны дакладчыкам АБСЕ, незалежнымі экспертамі ААН і прадстаўнікамі спецыяльных працэдур Савета ААН па правах чалавека.

4. Узяць удзел у працэсе ўступлення ў Савет Еўропы, у выніку чаго Беларусь узяла б на сябе абавязацельствы выканання Еўрапейскай канвенцыя аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод і тым самым прызнала юрысдыкцыю Еўрапейскага суда па правах чалавека. Для гэтага краіна зможа скарыстацца тэхнічнай дапамогай Венецыянскай камісіі за дэмакратыю і вяршэнства права.

Рэкамендацыя „ў дачыненні да еўрапейскіх інстытуцый і дзяржаў-членаў”:

5. Прапаноўваць і ўмацоўваць падтрымку журналістам і работнікам СМІ, якія знаходзяцца пад пагрозай, напрыклад даваць ім магчымасць бяспечнага прыезду або праезду ў/цераз іх краіну, прытулак і медыцынскую дапамогу, калі гэта неабходна.

Рэкамендацыя Еўракамісіі і Савету ЕС:

6. Замарозіць любую фінансавую дапамогу Беларусі з боку Інструмента еўрапейскага суседства і партнёрства (за выключэннем дапамогі, прызначанай для падтрымкі арганізацый грамадзянскай супольнасці і недзяржаўных суб’ектаў у дзейнасці па прасоўванні правоў чалавека і асноўных свабод) да таго часу, пакуль краіна не будзе паважаць агульныя каштоўнасці і ўніверсальныя фундаментальныя каштоўнасці, вяршэнства права і правы чалавека.

Рэкамендацыі ЕС:

7. Працягваць намаганні па ўвядзенні эканамічных санкцый і іншых абмежавальных мер у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, датычных да парушэнняў міжнародных стандартаў правядзення выбараў, міжнароднага права аб правах чалавека, у прыватнасці замахаў на свабоду выказвання меркаванняў і СМІ.

8. У выпадку сур’ёзнага або пастаяннага пагаршэння стану дэмакратыі, правоў чалавека ці вяршэнства права ў Беларусі цалкам або часткова прыпыніць фінансаванне з боку ЕС. З гэтай мэтай паскорыць прыняцце рэгламенту Еўрапейскага парламента і Еўрапейскага савета, які дае Еўракамісіі такую магчымасць у рамках палітыкі добрасуседства.

Рэкамендацыя Савету Еўропы:

9. Уключыць заахвочванне і ўдасканаленне свабоды прэсы, свабоды выказвання меркаванняў і плюралізму, якія да гэтага часу цалкам адсутнічалі ў плане дзеянняў для Беларусі на 2019—2021 гады, у якасці адной з мэтаў і прыярытэтных галін любога будучага плана дзеянняў, а таксама выдзеліць неабходныя сродкі і рэсурсы для гэтай мэты.

Рэкамендацыі АБСЕ:

10. Сістэматычна асуджаць напады, запалохванні, цэнзуру ў дачыненні да журналістаў і СМІ ў Беларусі і патрабаваць правядзення незалежных і бесстаронніх расследаванняў.

11. Рашуча і актыўна заклікаць да выканання рэкамендацый па пытаннях свабоды выказвання меркаванняў і СМІ, адрасаваных беларускім уладам дакладчыкам АБСЕ.

12. Стварыць інструмент для дбайнага маніторынгу захадаў, які робяць беларускія ўлады ў кірунку аднаўлення правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права.

Рэкамендацыі ААН:

13. Сістэматычна асуджаць напады, запалохванні, цэнзуру ў дачыненні да журналістаў і СМІ ў Беларусі і патрабаваць правядзення незалежных і бесстаронніх расследаванняў у выпадку здзяйснення такіх нападаў.

14. Узаемадзейнічаць з беларускімі ўладамі ў мэтах садзейнічання выкарыстання спецыяльных працэдур ААН для абароны і заахвочвання абароны правоў чалавека ў Беларусі і, у прыватнасці, выкарыстоўваць прыцягненне спецдакладчыка ААН па пытанні аб праве на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне.

15. Узаемадзейнічаць з беларускімі ўладамі ў мэтах найхутчэйшага стварэння ў краіне пастаяннага прадстаўніцтва Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека для аказання канкрэтнай дапамогі ў змене практыкі ў галіне правоў чалавека, надаючы асаблівую ўвагу паляпшэнню сітуацыі са свабодай выказвання меркаванняў, плюралізмам і свабодай СМІ.

belapan.by