Арцыбіскуп Кандрусевіч мае намер найбліжэйшым часам падаць прашэнне аб адстаўцы



Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч найбліжэйшым часам мае намер пераслаць апостальскаму нунцыю ў Беларусі прашэнне аб адстаўцы на імя папы рымскага Францішка. Пра свой намер іерарх, якога беларускія ўлады з канца лета не ўпускаюць у краіну, сказаў у інтэрв`ю каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву KAI.

На пытанне, ці падымаюць прадстаўнікі Святога пасаду перад уладамі Беларусі пытанне аб яго вяртанні на радзіму, арцыбіскуп Кандрусевіч заявіў: „Я ведаю, што нунцый [Антэ Ёзіч] працягвае гаварыць пра мяне з уладамі, а таксама што за сітуацыяй пастаянна сочыць Дзяржаўны сакратарыят Святога пасаду”.

„Іншая справа, што 3 студзеня 2021 года мне споўніцца 75 гадоў. Я афіцыйна сыходжу ў адстаўку і павінен сысці на пенсію. Я ўжо напісаў прашэнне аб адстаўцы і неўзабаве перашлю яго нунцыю”, — паведаміў ён. На заўвагу аб тым, што пантыфік можа падоўжыць тэрмін яго служэння, Кандрусевіч сказаў: „Не ведаю. Усё залежыць ад святога айца”.

Каталіцкі іерарх выказаў надзею, што „ўсё скончыцца добра” і яму ўдасца вярнуцца ў Беларусь. „Я ніколі не быў уцягнуты ў палітыку, а толькі прапаведаваў Евангелле і рэалізоўваў сацыяльнае вучэнне касцёла”, — падкрэсліў ён.

Паводле Кодэкса кананічнага права Рымска-каталіцкага касцёла, дыяцэзіяльнаму біскупу, якому споўнілася 75 гадоў, „прапануецца падаць прашэнне аб адстаўцы з пасады вярхоўнаму пантыфіку, які, разгледзеўшы ўсе абставіны, прыме сваё рашэнне”.

Біскуп, чыё прашэнне аб адстаўцы было прынята, „захоўвае за сабою тытул заслужанага біскупа сваёй дыяцэзіі, а таксама пры жаданні можа захаваць месцажыхарства ў гэтай дыяцэзіі, калі толькі ў пэўных выпадках, з прычыны асаблівых абставін, Апостальскі пасад не распарадзіцца інакш”. Мясцовая канферэнцыя біскупаў павінна паклапаціцца аб тым, каб біскупу, які выйшаў у адстаўку, было забяспечана „належнае і годнае ўтрыманне, з улікам таго, што першарадныя абавязацельствы ўскладаюцца на тую дыяцэзію, якой ён служыў”.

Больш за тры месяцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч не можа вярнуцца на радзіму. Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі кіраўнік каталіцкага епіскапату заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт, а Лукашэнку і чыноўнікаў — пачаць „канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях невінаватых грамадзян”.

У канцы жніўня Лукашэнка параіў прадстаўнікам розных канфесій не ўмешвацца ў пытанні палітыкі і займацца сваёй справай, прыстрашыўшы, што „дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе”.

31 жніўня памежнікі не прапусцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэння прычын. Пасля было заяўлена, што МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным, вядзецца праверка, звязаная з магчымай наяўнасцю ў яго дзейнага замежнага грамадзянства, а таксама са спыненнем ранейшага замежнага грамадзянства пасля натуралізацыі ў Беларусі. Лукашэнка некалькі разоў абвінаваціў Кандрусевіча ў тым, што ён выязджаў у Польшчу „для кансультацый”.

Вырашаць праблему з вяртаннем іерарха ў Беларусь 11—14 верасня прыязджаў сакратар па адносінах Святога пасаду з дзяржавамі Пол Рычард Галахер, аднак перамовы з чыноўнікамі, у тым ліку міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, відавочных вынікаў не далі.

Зараз мітрапаліт Мінска-Магілёўскі часова жыве ў парафіі Святога Антонія ў польскай Сакулцы, што прыкладна за 15 км ад беларускай мяжы. Кіраўніцтва касцёлам у Беларусі арцыбіскуп Кандрусевіч ажыццяўляе дыстанцыйна.

belapan.by