У Гомелі адкрылася выстава выцінанкі
Выстава выцінанкі «Зімовыя карункі» пачала сёння,11 снежня. работу ў Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці.
Экспазіцыю падрыхтавалі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Гомельскай вобласці.
Наведвальнікі цэнтра ўбачаць аўтарскія навагоднія пано, паштоўкі, выкананыя ў тэхніцы выцінанкі. Дадаткам выставы стануць вырабы майстрыхі, каруначніцы Галіны Кавалёвай. Сурвэткі, абрусы, шалі, звязаныя спіцамі або кручком, у спалучэнні з узорамі выцінанкі створаць пераднавагоднюю казачную атмасферу.
Захаваць прыгажосць творчасці можна будзе ў арыгінальных фотазонах.
Выцінанка — ажурны ўзор, выразаны з белай, чорнай ці каляровай паперы. Узнікненне выцінанкі ў Беларусі звязваецца з развіццём прамысловай вытворчасці паперы і датуецца ХIV стагоддзем, адзначылі ў абласным цэнтры народнай творчасці.
«Сучасныя дызайнеры і афармляльнікі ацанілі выразныя мастацкія асаблівасці выцінанкі і выкарыстоўваюць яе ў творчасці як тэхніку графічнага мастацтва для афармлення кніг, плакатаў, паштовак, календароў. Да таго ж да нашых дзён у побыце беларусаў захавалася выразанне сняжынак з паперы для ўпрыгожвання вокнаў да навагодняга свята», — звярнулі ўвагу ва ўстанове.
Выстава будзе працаваць па 15 студзеня. Уваход вольны.