Калеснікава ўганаравана нямецкай прэміяй у галіне правоў чалавека
Марыя Калеснікава, якая знаходзіцца ў зняволенні, уганаравана прэміяй фонду Герхарта і Рэнатэ Баум (Германія) у галіне правоў чалавека.
Цырымонію ўручэння плануецца правесці 7 лютага 2021 года ў Штутгарце ў межах музычнага фестывалю Eclat, паведамляе dpa. Замест Калеснікавай прэмію атрымае яе сястра Таццяна Хоміч, якая жыве ва Украіне. Памер прэміі складае 10 тыс. еўра.
Член штаба былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі і аб’яднанай каманды экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай удастоеная ўзнагароды ў знак павагі перад яе мужнасцю і бескампраміснасцю, адзначаецца ў заяве фонду, які заснавалі былы міністр унутраных спраў ФРГ і яго жонка. Падкрэсліваецца, што музыкант Марыя Калеснікава пакінула пастаянную працу ў Штутгарце, каб разам з іншымі жанчынамі даць імпульс пераўтварэнням у краіне, якой „аўтарытарна кіруе Аляксандр Лукашэнка”.
„Марыя — чалавек з грамадскай адказнасцю. Як дзеяч мастацтва яна заўсёды хацела дастукацца да людзей, нешта змяніць”, — адзначыла адна з кіраўнікоў фестывалю Eclat Крысціне Фішэр. Паводле яе слоў, Калеснікава ведае сілу мастацтва, здольную прывесці да змен, і змагла ў неверагодна кароткі час стаць вядучай харызматычнай фігурай беларускага дэмакратычнага руху.
7 лістапада Калеснікава, а таксама Ціханоўская і яшчэ адзін член яе каманды Вераніка Цапкала былі ўдастоеныя прэміі імя Марціна Лютэра „Бясстрашнае слова”, заснаванай саюзам 16 гарадоў, дзе працаваў нямецкі рэфарматар. Памер прэміі таксама складае 10 тыс. еўра. Уручэнне пройдзе 24 красавіка 2021 года ў Вормсе.