Каталіцкія скаўты прывязуць у Беларусь Віфлеемскі агонь



Прадстаўнікі скаўцкай арганізацыі „Саюз польскіх харцараў” (ZHP) 17 снежня даставяць у гродзенскі кафедральны касцёл Святога Францыска Ксаверыя агонь, запалены ад нязгаснай лампады ў базіліцы Нараджэння Пана ў Віфлееме, паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

У той жа дзень беларускія каталіцкія скаўты — парафіяльныя групы з Барысава, Гародні, Івянца і Менска — пачнуць разносіць Віфлеемскі агонь па касцёлах краіны. Распаўсюджванне агню ад нязгаснай лампады па святынях Беларусі будзе доўжыцца да 20 снежня.

18 снежня агонь даставяць у архікафедральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску.

Ініцыятарамі традыцыі распаўсюджвання Віфлеемскага агню з’яўляецца аўстрыйская тэлерадыёкампанія ORF. У 1986 годзе яе прадстаўнікі ўпершыню даставілі Віфлеемскі агонь у Вену, каб падтрымаць хворых і адзінокіх людзей напярэдадні Нараджэння Хрыстовага. Усяго праз год акцыя стала міжнароднай.

Акцыю падтрымліваюць прадстаўнікі скаўцкага руху ў многіх краінах. Штогод на працягу больш як 30 гадоў агонь ад нязгаснай лампады ў Віфлееме, які сімвалізуе нараджэнне Збавіцеля, дастаўляецца ў сталіцу Аўстрыі, а адтуль з дапамогай скаўцкай эстафеты перадаецца ў краіны Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

Упершыню Віфлеемскі агонь быў дастаўлены ў Беларусь у 1998 годзе членамі ZHP. У 2008-м да эстафеты па перадачы агню падключыліся беларускія каталіцкія скаўты.

belapan.by