Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Германіі



Лідар беларускага пратэсту сустрэлася з федэральным прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.

Святлана Ціханоўская нанесла візіт у Германію, дзе сустрэлася з федэральным прэзідэнтам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.

Як паведамляе прэс-служба беларускага палітыка, Штайнмаер выказаў захапленне подзвігам беларускага народа. Бакі абмеркавалі важнасць нацыянальнай ідэнтычнасці ў барацьбе за свабоду. Святлана падкрэсліла, што мова, гісторыя, цікавасць да культуры і БЧБ-сцяга — гэта тое, што ўмацоўвае пратэст.

Далей з прэс-рэліза: «Ціханоўская заявіла, што Лукашэнка так ці інакш сыдзе, але важна, каб гэта здарылася як мага хутчэй. І нагадала, як важна, каб Нямеччына падтрымала пашырэнне санкцый супраць памагатых рэжыму».

На сустрэчы таксама гаварылі пра вакцыну ад каронавіруса і пра магчымую дапамогу Германіі ў выглядзе паставак вакцыны для ўрачоў у Беларусі, якія вымушаныя працаваць у складаных умовах.

Да ўсяго Ціханоўская і Штайнмаер абмеркавалі і ўдзел АБСЕ — «новы генеральны сакратар Хельга Шмід магла б адыграць важную ролю ў арганізацыі перамоў па правядзенні новых выбараў». Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы змагаюцца не толькі за новыя выбары, але і за чалавечнасць, незалежнасць і павагу да сябе.

novychas.by