Офіс Ціханоўскай прэзентаваў план эканамічнага ціску на ўлады Беларусі



Офіс экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай распрацаваў план эканамічнага націску на ўлады Беларусі.

План прэзентаваў дарадца Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч на прэс-канферэнцыі 15 снежня, якая прайшла ў анлайн-фармаце.

Паводле слоў Аляхновіча, У Беларусі сёння дзейнічае „нелегітымны рэжым, які не прызнаецца большасцю беларусаў і вядзе рэпрэсіўную палітыку супраць уласнага народа”. Ён адзначыў, што план эканамічнага націску створаны для таго, каб „каардынаваць і падтрымліваць сумесныя намаганні розных прадстаўнікоў беларускага грамадства”.

„Мы разумеем, што няма аднаго такога механізму, які прымусіць уладу спыніцца, таму план эканамічнага націску — гэта націск легальных, падкрэсліваю, механізмаў, — сказаў дарадца Ціханоўскай. — План, які можа быць зменены ў залежнасці ад сітуацыі. Напрыклад, калі будзе больш рэпрэсій з боку беларускага рэжыму, то, адпаведна, і эканамічны націск на рэжым павінен узмацняцца, каб абараняць нашых людзей”.

Аляхновіч паведаміў, што на гэты момант план уключае сем напрамкаў дзеяння. Першы — гэта „ўнутраныя санкцыі”, якія беларусы „могуць ажыццяўляць самі ўнутры краіны”. Ён растлумачыў, што гаворка ідзе аб адмове ад набыцця асноўных падакцызных і шкодных для здароўя тавараў, напрыклад алкаголю і цыгарэт; абмежаванні пакупак тавараў і паслуг тых прадпрыемстваў, кампаній і гандлёвых сетак, якія „чыняць рэпрэсіі або фінансуюць рэжым”; абмежаванні або растэрміноўцы плацяжоў па жыллёва-камунальных паслугах, падатках, штрафах; абмежаванні наяўных спажывецкіх або інвестыцыйных расходаў, напрыклад на набыццё бытавой тэхнікі, аўтамабіляў, нерухомасці і іншага.

Другі напрамак націску — гэта „расследаванне і абмежаванне карупцыйных схем паставак тавараў з Беларусі прыватнымі кампаніямі, набліжанымі да рэжыму”.

Трэці кірунак — замарозка міжнароднага супрацоўніцтва з дзяржаўным сектарам. „Тут пакуль што больш за ўсё вынікаў, — звярнуў увагу дарадца Ціханоўскай. — Гэта прыпыненне праграм міжнародных фінансавых інстытутаў — ЕБРР, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, Міжнароднага валютнага фонду. Пакуль што яшчэ Сусветны банк і Еўразійскі банк развіцця і далей супрацоўнічаюць з дзяржсектарам, але мы будзем і з імі размаўляць. У межах гэтага кірунку варта пераарыентаваць працу міжнародных фінансавых інстытутаў з падтрымкі дзяржсектара на падтрымку прыватнага сектара, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці”.

Чацвёртым напрамкам з’яўляецца „абмежаванне замежнай падтрымкі для дзяржаўных і некаторых прыватных банкаў”. Аляхновіч падкрэсліў важнасць спынення фінансаванне дзяржбанкаў замежнымі банкамі: „Па меры магчымасці трэба размаўляць з замежнымі матчынымі банкамі ў ЕС і Расіі, каб яны абмежавалі крэдытныя лініі для сваіх даччыных банкаў у Беларусі”.

Пятым кірункам прадстаўнік офіса Ціханоўскай назваў закрыццё міжнародных фінансавых рынкаў для эмісіі новых беларускіх дзяржаблігацый. У межах гэтага напрамку, паводле яго слоў, офіс будзе інфармаваць міжнародную фінансавую супольнасць аб сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку аб „парушэннях базісных эканамічных правоў, напрыклад незаконным зняцці сродкаў з прыватных рахункаў некалькіх сотняў беларусаў, якія атрымалі грашовыя пераводы ад фонду By_help”.

„Таксама мы будзем інфармаваць аб магчымасці перагляду мэтазгоднасці аплаты дзяржаблігацый, выпушчаных нелегітымнай уладай пасля 9 жніўня 2020 года, — падкрэсліў ён. — Інвестары павінны разумець, што, даючы грошы беларускаму рэжыму сёння, яны не толькі фінансуюць рэпрэсіі супраць беларускага народа, але могуць проста не атрымаць свае грошы ў будучыні. Такія прыклады ўжо былі ў Польшчы ў 1989 годзе, у Грэцыі пасля фінансавага крызісу, ва Украіне, у Венесуэле. Прыкладаў даволі шмат, Беларусь тут не будзе выключэннем”.

Шостым напрамкам эканамічнага націску з’яўляецца „абмежаванне экспарту ключавых прадпрыемстваў, асабліва дзяржаўных, на якіх адбываюцца рэпрэсіі”. „Калі на прадпрыемствах затрымліваюць людзей, іх звальняюць па палітычных матывах, мы будзем размаўляць з асноўнымі пакупнікамі прадукцыі гэтых вытворцаў, каб яны вялі пастаянны кантакт са сваімі беларускімі партнёрамі, каб такіх парушэнняў правоў чалавека не было, а калі яны будуць, каб гэтыя замежныя кампаніі адмаўляліся ад імпарту беларускай прадукцыі”, — растлумачыў Аляхновіч.

Сёмы напрамак, паводле слоў дарадцы Ціханоўскай, — гэта „замарозка наяўных і новых замежных інвестыцый з боку замежных прадпрыемстваў і дзяржаў”. Ён падкрэсліў, што ў межах гэтага напрамку „ўжо ёсць прыклады прыпынення трансмежавага супрацоўніцтва з Еўрасаюзам”.

У выпадку, калі названыя механізмы не спрацуюць, а рэпрэсіі будуць працягвацца, „могуць быць разгледжаныя іншыя — больш балючыя — механізмы націску, у тым ліку самы жорсткі механізм — адключэнне дзяржбанкаў ад сістэмы SWIFT”. „Адключэнне дзяржбанкаў ад сістэмы SWIFT — гэта самы радыкальны і жорсткі інструмент націску, які сапраўды прывядзе да грунтоўных змен у беларускай эканоміцы. Але мы шчыра спадзяемся, што сітуацыя не дойдзе да таго, каб было мэтазгодна ўводзіць такія меры”, — заявіў Аляхновіч.

belapan.by

Фота: rada.vision/by