Алег Агееў: Журналістаў працягваюць затрымліваць на акцыях пратэсту
Затрыманыя 13 снежня журналісты Белсату і Анлайнера – у ізалятары да суда. Там знаходзяцца Стас Івашкевіч з Белсата і Мікалай Градзюшка з Анлайнера, яны чакаюць суда. Генадзя Верацінскага з Белсата таксама спачатку змясцілі ў ізалятар, ён шпіталізаваны з вялікім ціскам, суду пакуль не было. Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Праваахоўныя органы тэндэнцыйна расцэньваюць журналістаў на акцыях як удзельнікаў, а не асобаў, што выконваюць свае прафесійныя абавязкі – заўважае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Алег Агееў.
– Амаль на ўсіх акцыях пратэсту, што адбываюцца апошнім часам, затрымліваюць і журналістаў, якія працуюць у якасці журналістаў на гэтых мерапрыемствах. Часцей за ўсё ім інкрымінуюць той жа артыкул кодэкса адміністрацыйных правапарушэнняў, што і ўдзельнікам мерапрыемстваў. Іх наша прававая сістэма не бачыць у якасці журналістаў і тлумачыць іх журналісцкую працу, як удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
Зараз за кратамі 6 журналістаў. Акрамя дваіх, што чакаюць судоў, на сутках – Іван Куракевіч, якога затрымалі 7 снежня. Двое журналістаў Генадзь Верацінскі і Любоў Лунёва з ізалятара патрапілі ў шпіталь, але пратаколы на іх складзеныя. За кратамі таксама – журналісты Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Кацярына Барысевіч (іх вінавацяць па крымінальных артыкулах, за кратамі яны больш за месяц).
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: spring96.org