Колькасць стратных арганізацый у студзені-кастрычніку вырасла больш чым на чвэрць
Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць стратных арганізацый у студзені—кастрычніку 2020 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам павялічылася з 920 да 1.167 (на 26,8%), іх удзельная вага — з 13,7 да 17,3%. Чысты прыбытак арганізацый на 1 лістапада склаў 4 млрд 393,9 млн рублёў, што на 58,8% менш за аналагічны леташні паказчык.
Прыбытак да падаткаабкладання склаў 6 млрд 512,3 млн (скараціўся на 50,1%). Страта ад інвестыцыйнай і фінансавай дзейнасці склала 8 млрд 155,9 млн рублёў супраць прыбытку ў 919,5 млн рублёў за аналагічны леташні перыяд.
Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 12% да 16 млрд 167 млн рублёў. Рэнтабельнасць продажаў і рэалізаванай прадукцыі склала 7,8% і 9,7% адпаведна (у студзені—кастрычніку 2019 года — 7,3% і 9,1%).
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый краіны ў цяперашніх цэнах склала 207 млрд 522,1 млн рублёў, або на 5,4% больш, чым у студзені—кастрычніку 2019 года.
Пры гэтым сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг вырас на 4,5% да 165 млрд 867,8 млн рублёў.
„Чвэрць прадпрыемстваў — устойлівыя банкруты, і ім нічога не дапаможа, акрамя продажу, спробаў трансфармацыі гэтых актываў у іншыя камерцыйныя праекты, — адзначыў раней у каментарыі БелаПАН выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслаў Раманчук. — Цалкам відавочны крызіс кіравання актывамі. Тыя фінансавыя паказчыкі, якія мы бачым, — гэта сітуацыя, якая штурхае беларускую эканоміку да дэфолту, і ніякія крэдыты ніякіх знешніх арганізацый не выратуюць. Гэта посуд, у які колькі ні ўлівай сёння, усё роўна вылівацца будзе больш”.
Паводле слоў эканаміста, „пагаршаецца таксама макраэканамічная разбалансаванасць — дэфіцыт бюджэту расце, экспарт падае, крыніц валютных паступленняў няма, насельніцтва не давярае банкам і забірае грошы, крэдытаванне знаходзіцца ў зоне залімітавых ставак”. „Становіцца больш вострай палітычны крызіс, і эканоміцы ўлады, на жаль, увагі не надаюць”, — дадаў Раманчук.
Згодна з яго прагнозамі, улады або пойдуць чарговы раз на павелічэнне інфляцыйнага і дэвальвацыйнага падатку, або нарэшце пачнуць структурныя рэформы, звязаныя з банкруцтвам і санацыяй неэфектыўнага дзяржсектара. „Трэцяга не дадзена”, — сказаў на заканчэнне эксперт.