Намеснік дзяржсакратара ЗША Біган сустрэўся з Ціханоўскай
Намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША Стывен Біган 15 снежня прыняў удзел у віртуальнай дыскусіі, арганізаванай нямецкім фондам Маршала, з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай.
Як паведамляе Дзярждэпартамент ЗША, дыскусія была прысвечана палітычнаму крызісу ў Беларусі. „Намеснік дзяржсакратара Біган пацвердзіў рашучую падтрымку ЗША гучных заклікаў беларускага народа да таго, каб яго голас быў пачуты пры вызначэнні лёсу сваёй краіны”, — гаворыцца ў паведамленні.
Намеснік дзяржсакратара падкрэсліў, што ЗША заклікаюць да дыялогу паміж Каардынацыйнай радай і беларускімі ўладамі для вырашэння крызісу, правядзення сапраўды свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем, а таксама да безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і несправядліва затрыманых.
Як паведамлялася, Ціханоўская 15 снежня ў анлайн-рэжыме таксама паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Бельгіі Аляксандрам дэ Кро. Ён сказаў, што Бельгія не прызнае Лукашэнку, падтрымлівае і будзе падтрымліваць дэмакратычную Беларусь, садзейнічаць увядзенню санкцый і аказваць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, каб як мага хутчэй спыніць гвалт і тэрор у Беларусі.
Падчас візіту ў Брусель Ціханоўская таксама правяла сустрэчы ў Еўрапейскім парламенце і Еўрапейскай камісіі на тэму падтрымкі Беларусі. Галоўная мэта — спыненне гвалту ў Беларусі.