Жыхар Скідзеля затрыманы за пагрозы міліцыянтам



Супрацоўнікі ўпраўлення па Гарадзенскай вобласці ГУБАЗіК МУС сумесна з калегамі з АМАПу затрымалі 38-гадовага жыхара Скідзеля, паведамляе БЕЛТА.

«Індывідуальны прадпрымальнік са жніўня да снежня, выкарыстоўваючы розныя нікнэймы, размяшчаў у дэструктыўных рэгіянальных Telegram-чатах заклікі да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і знішчэння іх маёмасці. Затрыманы не хавае, што абразы і пагрозы ў адрас супрацоўнікаў і дзеючай улады размяшчаліся ім у розных Telegram-чатах неаднаразова», —распавялі ў МУС.

Следчыя далі прававую ацэнку дзеянням мужчыны. Узбуджаная крымінальная справа.

«Любыя заклікі да замаху на супрацоўнікаў міліцыі, іх блізкіх і маёмасць не застануцца без увагі. Нягледзячы на ўяўную ананімнасць, вінаватыя будуць устаноўлены і прыцягнутыя да адміністрацыйнай альбо крымінальнай адказнасці», — дадалі ў ведамстве.