За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.838 выпадкаў COVID-19
За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.838 выпадкаў COVID-19. Памерлі дзевяць чалавек з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй, вынікае з дадзеных Міністэрства аховы здароўя.
Колькасць новых выпадкаў знізілася: 15 снежня было зарэгістравана 1.911 выпадкаў каронавіруса, памерла дзевяць чалавек.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 165.897, памёр 1.291 пацыент з каронавірусам.
Ачуняла 143.373 чалавекі. За суткі выпісана з устаноў аховы здароўя 1.930 пацыентаў.
За суткі выканана 25.048 тэстаў. Усяго ў краіне праведзена 3.659.372 тэсты на каронавірус.
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, рэкорды захворвання ў Беларусі абнаўляліся 3 (1.701 выпадак), 4 (1.774) і 5 (1.896) снежня, а 6, 7 і 8 снежня колькасць хворых на COVID-19 паступова зніжалася — 1.878, 1.796 і 1.649 выпадкаў за суткі адпаведна. 9 снежня колькасць новых выпадкаў за суткі зноў пачала расці (1.851), а 10 (1.939), 11 (1.967) і 12 снежня (1.975) зноў былі абноўленыя рэкорды захворвання.
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання 15 снежня Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы заявіў, што палова выпадкаў захворвання на COVID-19 рэгіструецца ў Менску. Паводле яго слоў, прыкладна 40% ад агульнай колькасці пнеўманій таксама рэгіструюцца ў сталіцы. Гэтую інфармацыю Лукашэнку пацвердзіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.