Раман Грабарэнка аспрэчыць скасаванне кантракту з „Нафтахімікам”



Беларускі абаронца Раман Грабарэнка аспрэчыць скасаванне кантракту з „Нафтахімікам”.

Беларус у лістападзе быў змешчаны клубам у спіс адмоваў, а затым кантракт з ім быў скасаваны з-за зніжэння роўню гульні і недастатковай фізічнай формы. 16 снежня пройдзе разгляд справы Грабарэнкі ў арбітражы КХЛ. Раней гулец звярнуўся ў асноўную, акрэдытаваную лігай клініку, дзе пацвердзілі, што абаронца атрымаў траўму каля двух месяцаў таму. Акрамя меніска, у Грабарэнкі аказалася пашкоджанне пярэдняй крыжападобнай звязкі. У дадзенай сітуацыі „Нафтахімік” не мог выставіць траўмаванага гульца на драфт адмоваў.

Валейбалісты менскага „Будаўніка” выбылі з розыгрышу Кубка ЕКВ

Валейбалісты менскага „Будаўніка” саступілі ліберэцкай „Дукле” ў матчы 1/8 фіналу Кубка ЕКВ з лікам 0:3 (23:25, 28:30, 21:25) і пакінулі розыгрыш другога па значнасці клубнага турніру ў еўрапейскім валейболе. Самым выніковым гульцом беларускай каманды стаў Сяргей Акуліч. На рахунку капітана „Будаўніка” 10 ачкоў. У чвэрцьфінале Кубка ЕКВ „Дукла” згуляе з „Зенітам” з Санкт-Пецярбурга, які абыграў балгарскі „Хебар” – 3:1 (24:26, 26:24, 25:14, 25:11).

„Крумкачы” накіравалі ў БФФ пратэст на вынік матчу са „Слуцкам”

15 снежня адбыўся першы стыкавы матч за права гуляць у вышэйшай лізе „Крумкачы” – „Слуцк” (0:2). Па інфармацыі „Прэсбола”, „Крумкачы” накіравалі ў БФФ пратэст на вынік матчу з-за таго, што ў гульні прынялі ўдзел Ягор Сямёнаў і Мухамед Умар Бала. У матчы 29-га тура Сямёнаў і Балю атрымалі жоўтыя карткі, якія сталі для іх шостымі з пачатку чэмпіянату, а значыць, яны павінны былі прапусціць першы матч з «Крумкачамі».

Беларуская федэрацыя футбола адказала, што на дадзены момант ва ўстаноўленым парадку пратэст „НФК Крумкачы” не падаваўся. У выпадку, калі вышэйзгаданы пратэст будзе пададзены, ён будзе разгледжаны ўпаўнаважанымі юрысдыкцыйнымі органамі АБФФ ў адпаведнасці з рэгламентуючымі дакументамі.

Расею могуць адхіліць ад міжнародных спаборніцтваў на чатыры гады

Спартовы арбітражны суд (CAS) абвесціць рашэнне па спрэчцы Расейскага антыдопінгавага агенцтва (РУСАДА) і ВАДА 17 снежня ў 18.00. У снежні 2019 года ВАДА рэкамендавала адхіліць Расею ад усіх буйных міжнародных спаборніцтваў на чатыры гады за змены ў базе дадзеных Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі. РУСАДА абскардзіла гэтае рашэнне ў CAS. Слуханні па справе прайшлі з 2 па 5 лістапада.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belarushockey.com