Падняў з зямлі міліцэйскі дручок – два гады турмы



У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску агучылі прысуд 27-гадоваму майстру, разьбяру па дрэве  Уладзіславу Макавецкаму. Суддзя Сняжана Кіндзеева прызнала яго вінаватым паводле артыкула  364 Крымінальнага кодэкса («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Вырак – два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Паводле матэрыялаў следства, падчас пратэставага шэсця Макавецкі нібыта меў намер нанесці нагамі і рукамі ўдары старшаму сяржанту МУС Фядотаву і замахваўся падабраным дручком на малодшага сяржанта Пятроўскага. Фактаў гвалту ў судзе засведчана не было, аднак пракурор Філіпенка заявіў, што  «міліцыянты не атрымалі пашкоджанняў цела толькі дзякуючы сваім прафесійным якасцям».

Праваабаронца Павел Левінаў лічыць абвінавачанне несправядлівым:

 – Чалавек нічога не зрабіў, а толькі выйшаў на мірнае шэсце і, як напісана ў матэрыялах справы,  нібыта замахнуўся ў бок супрацоўнікаў органаў унутраных справаў.  За гэта атрымаць два гады  пазбаўлення волі можна, напэўна, толькі ў Беларусі і ў Паўночнай Карэі.

Усе, хто асабіста ведае Уладзіслава Макавецкага, шакаваныя абвінавачаннем і выракам. Бо хлопца ведаюць як выхаванага, разважлівага чалавека.Такім  яго характарызуе і маці, спадарыня Наталля:

 – Ён вельмі спакойны, разважлівы. Майму сыну 27 гадоў, і ён ніколі ні з кім не пабіўся. Улад заўсёды быў чэсны, і на судзе казаў праўду – было  відаць, што ён шчыры. Ён нават папрасіў прабачэння ў міліцыянтаў за тое, што гэтая сітуацыя іх спалохала. Але сказаў: “Я нікому не хацеў зрабіць балюча, і я гэтага не зрабіў”.

Уладзіслаў Макавецкі таленавіты  разьбяр па дрэве, адзін  з суаўтараў 23-метровай драўлянай лыжкі, якая экспануецца ў Беразіне. Таксама ён  мастак-рэстаўратар, мае вялікую калекцыю артэфактаў часу Другой Сусветнай вайны. Падчас ператрусу міліцыянты яе сфатаграфавалі і назвалі хлопца прапагандатарам нацысцкай сімволікі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск