Грамадскіх актывістаў запрасілі ў Слонімскі райвыканкам



У Слонімскім райвыканкаме адбылася сустрэча з нагоды абмеркавання зменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія ў наступным годзе хоча ўнесці Лукашэнка. Праводзіў гэта мерапрыемства ідэалагічны аддзел райвыканкама.

На мерапрыемстве прысутнічалі вертыкальшчыкі, асобныя кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. На абмеркаванне былі запрошаны і грамадскія актывісты Алесь Масюк, Віктар Марчык і Павел Крышталь.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні не толькі зменаў у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але і вострыя праблемы эканомікі, а таксама моладзі, якая ў апошні час актыўна з’язджае з Беларусі.

Пасля сустрэчы, Віктар Марчык сказаў наступнае: “На маё здзіўленне гэта сустрэча адбылася ў фармаце дыялога, а не маналога, як звычайна адбываецца. Многія змаглі выказаць свае ўласныя думкі і прапановы па ўсіх пунктах. Мы данеслі ўсе важныя на сёння прапановы і выказванні, якія толькі змаглі, да кіраўніцтва раёна. Тое, што яны былі пачутыя – гэта факт, але ці будуць яны рэалізаваныя – пакажа час”.

Беларускае Радыё Рацыя