Народ анямеў у сваёй роднай мове…



Беларускія прафесары Леанід Лыч і Мікола Савіцкі звярнуліся з лістом у камісію па правядзенні ў наступным годзе Народнага сходу, які арганізуе Лукашэнка і яго адміністрацыя.

У лісце аўтары паведамілі наступнае:

“Нас, як і многіх беларусаў нацыянальнай арыентацыі, вельмі непакоіць сацыяльны стан беларускай мовы, выкліканы сур’ёзнымі хібамі ўведзенага дзяржавай афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя. Практычна поўная адсутнасць беларускай мовы ў афіцыйным жыцці выключыла яе і з міжасобасных зносін людзей. Народ анямеў у сваёй роднай мове, яго пазбавілі права называцца беларусамі. Поўная страта беларускай мовы, сведкамі чаго мы з’яўляемся, непазбежна прывядзе да этнічнага вымірання беларускага народа, пакажа сусветнай цывілізацыі, што палітыка яго дзяржавы не адпавядае нацыянальным інтарэсам карэннага этнасу Рэспублікі Беларусь.

Настойліва просім Вас гэтае лёсавызначальнае пытанне абмеркаваць на гэтым Сходзе. Галоўны даклад на ім пажадана прачытаць па-беларуску. Уносім прапанову абмеркаваць на Сходзе пытанне аб стварэнні пры Адміністрацыі Прэзідэнта і пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнай моўнай інспекцыі па забяспячэнні беларускай мове роўнага з рускай месца ў афіцыйным жыцці краіны. Са шчырай павагай прафесары Леанід Лыч і Мікола Савіцкі”.

Ліст ужо адпраўлены ў Адміністрацыю прэзідэнта. Ён таксама надрукаваны на першай старонцы газеты “Наша слова” 16 снежня.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com/budzmabelarusami/