У Менск прыбыў пасланнік папы рымскага



У Менск у якасці спецыяльнага пасланніка папы рымскага Францыска прыбыў былы апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі „Пул Першага”.

Паведамляецца, што 17 снежня арцыбіскуп Гуджэроці сустрэнецца з Лукашэнкам.

Арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці быў апостальскім нунцыем у Беларусі з ліпеня 2011 па лістапад 2015 года, а затым служыў на такой жа пасадзе ва Украіне. 4 ліпеня 2020 года папа Францыск прызначыў яго апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі.

Мінулым разам візіт прадстаўніка Ватыкана высокага рангу ў Беларусь адбыўся восенню. 11—14 верасня Беларусь наведваў сакратар па адносінах Святога пасаду з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ён прыязджаў, каб вырашыць праблему з фактычна выгнаным з краіны кіраўніком каталіцкага епіскапату Беларусі, мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, аднак змяніць сітуацыю не ўдалося.

Адносіны ўладаў і каталіцкага касцёла ў Беларусі сур’ёзна ўскладніліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які актыўна заклікаў уладу спыніць гвалт і пайсці на дыялог з грамадствам, 31 жніўня не ўпусцілі ў краіну з замежнай паездкі, заявіўшы, што яго пашпарт несапраўдны. Пасля гэтага касцёл стаў значна смялей і больш адкрыта асуджаць гвалт з боку сілавікоў у дачыненні да пратэстоўцаў і ў цэлым — розныя праявы рэпрэсій з боку дзяржавы.

Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ахарактарызаваў сітуацыю з Кандрусевічам і іншыя факты наступлення на касцёл у Беларусі спробай націску. „Адбываецца пераслед касцёла, хоць пра гэта ніхто адкрыта не гаворыць”, — сказаў ён.

Калі ў канцы лістапада — пачатку снежня двух каталіцкіх святароў асудзілі на адміністрацыйны арышт (аднаго нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, другога — за дэманстрацыю нацысцкай сімволікі), біскуп Касабуцкі заявіў, што ў краіне назіраецца „актывізацыя рэпрэсій у дачыненні да каталіцкага касцёла”. „Мы адкрыта выступаем супраць кожнага граху, супраць насілля і гвалту, супраць хлусні і фальшу, супраць рэпрэсій, супраць ціску і запалохвання, супраць прыніжэння чалавечай годнасці, таму што кожны чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму. Мы асаблівым чынам молімся аб супакоі, згодзе, салідарнасці і адзінстве беларускага народа. Аднак усё гэта хтосьці лічыць праявай экстрэмізму, распальваннем варожасці”, — заявіў каталіцкі іерарх.

belapan.by