Святочны падарунак



Улада Беларусі зачыняе дзяржаўную граніцу для сваіх грамадзян. Цікавая навіна, праўда?! Але ж яе варта было чакаць напярэдні святаў. Улада, па ўжо даўняй традыцыі, падкінула свайму народу чарговы Навагодне-Калядны падарунак. Наш народ то ўжо звыкся з такімі сюрпрызамі. То рубель падаў на Новы год, то кошты падымаліся… Нічога нечаканага і незвычайнага. Але гэтым разам улады неяк рана абдорваць людзей сталі. Нават Новага году не дачакаліся.

Зараз звычайны беларус ужо не зможа вырвацца за межы сваёй любай радзімы. Яму наканавана любіць яе з сярэдзіны. І словы з знакамітай і папулярнай песні: “Каб любіць Беларусь нашу родную, трэба ў розных краях пабываць”, на дадзены момант ужо не ёсць актуальнымі. У розных краях пабываць беларусу становіцца не так проста.

Так ужо некалі было, у часы СССР, дзе за мяжу можна было патрапіць толькі на танку. Ну то нічога, разваліўся той СССР на кавалкі, у тым ліку і па гэтай прычыне. Людзі хацелі паглядзець іншыя краі не толькі праз прыцэл аўтамата Калашнікава. Таму можна з чыстым сумленнем лічыць, што забарона пакідаць Савецкі Саюз паспрыяла падзенню аўтарытэту тагачаснай улады. І няма аніякіх падстаў думаць, што гэтым разам, у Беларусі, будзе па іншаму.

Вакол гэтай тэмы зараз багата разваг і меркаванняў. Адны кажуць, што ўлады такім чынам хочуць пазбавіцца ад вялікай колькасці апазіцыйна настроеных грамадзян, таму далі ім ўсё ж дзесяць сутак, каб тыя паспелі пакінуць межы той краіны, дзе нарадзіліся. Другія сцвярджаюць адваротнае, што так улада хоча пакінуць хоць нейкую колькасць людзей у сінявокай, каб не ўсе паўцякалі. А то ж разбягуцца хто куды. Людзі то ў нас працавітыя, руплівыя, разумныя, і нідзе не прападуць без гэтай улады. У кожнай краіне знойдуць сабе месца і працу. А вось улада без іх доўга не пратрымаецца. Працаваць жа некаму трэба. Хто ж карміць будзе? Можа Крэмль?

Дык вось пра Крэмль. Гэта яшчэ адна версія закрыцця беларускіх межаў, якая мае такое ж самае права на існаванне, як і дзве папярэднія. Звесткі і здагадкі пра тое, што Крэмль увесь час рабіў свае эксперыменты на беларусах існавалі заўсёды. Дастаткова ўзгадаць той сумнавядомы закон пра дармаедаў, які напачатку “адкаталі” у Беларусі на грамадзянах сінявокай, і прышлі да высновы, што трэба нешта ў ім мяняць, перш, чым прымяняць у сябе. Аказалася пад час беларускага эксперыменту, што грамадства не ўспрыняло той закон у яго першапачатковым варыянце. І ў Расеі адразу пайшлі іншыя распрацоўкі для тамашніх дармаедаў.

Ну то і зараз, каму-каму, а менавіта Крамлю найперш ёсць важным праверыць, як людзі суседняй краіны адрэагуюць на закрыццё межаў. Бо ў сябе гэтую меру рана ці позна прымяняць ім прыйдзецца, тут і да бабкі хадзіць не трэба, каб прадказаць такое. Важна адсачыць, як на тое рэагуюць розныя колы грамадства.

І не толькі таму трэба зачыніць межы на самы вялікі замок, каб праверыць рэакцыю звычайных людзей, але і каб прасачыць каналы вывазу капіталу. Бо каму найбольш патрэбна уцякаць на Захад, дык гэта таму, у каго вялікія грошы. Ну а вялікія грошы ў тых, хто пры ўладзе. Так што не ўсім там, хто сёння мае ўладу, гэтая забарона даспадобы. Яны то ўжо ўсе шляхі эвакуацыі пралічылі, навігацыю зрабілі, лагістыку вывучылі, эвакуацыйны транспарт падрыхтавалі, а тут на табе. Не асабліва павалачэш куды свой капітал, акрамя як на заўсёды адчынены Усход. А там толькі гэтага і чакаюць.

Пра звычайны ж народ і гаворкі няма. Нават тыя беларусы, хто не мае мажлівасці падарожнічаць, і тыя надзвычай негатыўна ўспрынялі гэтую навіну. Бо ўжо папярок гарляка стаяць забароны, якія ўлада ўсё прыдумляе і прыдумляе. І гэты крок уладаў яшчэ больш узмацніць негатыў да яе. Хоць, здавалася б, куды ўжо больш.

Па вялікім рахунку нічога нечаканага не здарылася. Багата было забаронаў, якія нашкодзілі забароншчыкам. Прыходзілася іх адмяняць хутчэй, чым уводзілі. І з гэтай забаронай на выезд таксама нічога талковага не будзе.

Упэўнены, што хутка станем сведкамі спешнай адмены гэтага ўказу. Але гэта ўжо ўладам нічога не дасць.

Памяць то, пра чарговы святочны падарунак, застанецца.

Віктар Сазонаў

 

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ