За 2 дні – 54 крымінальныя справы па фактах выкрадання грошай з картак



За два дні – 15 і 16 снежня – следчымі Віцебскай вобласці распачаты 54 крымінальных справы па факце крадзяжоў грашовых сродкаў з выкарыстаннем плацежных банкаўскіх картак. Пра гэта паведамляе СК.

Сума прычыненай маёмаснай шкоды склала больш за 74 тысяч рублёў. Памер прычыненай шкоды пацярпелым склаў ад 6 да 13 200 рублёў. У большасці выпадкаў ашуканцы завалодвалі рэквізітамі плацежных банкаўскіх картак шляхам ажыццяўлення тэлефонных званкоў, выдаючы сябе за супрацоўнікаў банка, адзначылі ў СК.

– Ашуканцы працягваюць прыдумляць розныя спосабы крадзяжоў грашовых сродкаў, а грамадзяне ў многіх выпадках выказваюць залішнюю даверлівасць і няўважлівасць, – заявілі ў ведамстве.

Там звярнулі ўвагу, што следчыя ў чарговы раз просяць грамадзян быць пільнымі і не паддавацца на хітрыкі махляроў.

zviazda.by