Андрэя Бастунца дапыталі ў Следчым камітэце
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў пасля допыту ў Следчым камітэце. Андрэя Бастунца выклікалі на допыт у якасці сведкі па крымінальнай справе, пачатай паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэкса, а гэта – заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Размова ў следчага цягнулася каля трох гадзінаў у прысутнасці адваката, паведаміў Андрэй Бастунец:
– Гэта 361 артыкул, частка 3 “Заклікі да прычынення шкоды нацыянальным інтарэсам”. Я быў у якасці сведкі. І ў гэтай якасці і застаюся. Статус не памяняўся пасля допыту. І ён не звязаны з журналісцкай дзейнасцю ці дзейнасцю БАЖ. Але я не магу больш дакладна распавесці пра сутнасць яго, бо папярэджаны аб недапушчальнасці разгалошвання таямніцы следства.
Падпіска аб неразгалошваннні матэрыялаў справы не дазваляе паведаміць больш інфармацыі. Але важна, што яна не датычыцца дзейнасці грамадскага аб’яднання „Беларуская асацыяцыя журналістаў”, падкрэсліў старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя