Жыхарам Слоніма забараняюць сустракаць Новы год



І смех, і грэх, і на плач разбірае, – як казаў Саўка – герой пісьменніка Леапольда Родзевіча. Увесь Слонім і смяецца, і дзіву даецца з адказу намесніцы старшыні Слонімскага райвыканкама Тэрэзы Юшкевіч. А справа вось у чым. Жыхар Слоніма Аляксандр Салейка напісаў заяву на імя старшыні Слонімскага райвыканкама Генадзя Хоміча на дазвол правесці масавае мерапрыемства ў Слоніме – сустрэць з сябрамі Новы 2021 год.

У заяве была напісана мэта мерапрыемства – сустрэча Новага года ў коле сяброў, фотасесія на памяць, карагод, запуск салютаў, правядзенне конкурсаў, стварэнне добрага настрою ў дзяцей і дарослых. Колькасць удзельнікаў у мерапрыемстве – каля 30 чалавек. Мерапрыемства планавалася правесці ў Слоніме на ўзвышанасці на перакрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Еўфрасінні Полацкай з 23 гадзін 31 снежня 2020 года да 4 гадзін 1 студзеня 2021 года. Аляксандр Салейка таксама ў заяве пытаўся: ці з’яўляецца дадзеная тэрыторыя правядзення мерапрыемства грамадскім месцам? І вось слонімец атрымаў адказ, што “у правядзенні дадзенага мерапрыемства адмоўлена”.

Слонімскія юрысты пракаментавалі адказ спадарыні Юшкевіч і адзначылі, што адказ напісаны з парушэннямі артыкулаў 5 і 6 закона „Аб масавых мерапрыемствах”. Таму што ў ім не ўказана, якія парушэнні дапушчаны арганізатарам, што неабходна паправіць і г.д. Менавіта па гэтых матываваных прычынах правядзенне мерапрыемства павінна быць забаронена, а не так, як зрабіла адпіску спадарыня Юшкевіч.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя