Палата прадстаўнікоў прыняла праект закона аб бюджэце на 2021 год



Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на вячэрнім пасяджэнні 18 снежня прынялі праект закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2021 год у двух чытаннях, паведамляе прэс-служба ніжняй палаты парламента.

Даходы па праекце рэспубліканскага бюджэту на 2021 год прадугледжваюцца ў суме 23 млрд 303,5 млн рублёў, што на 1 млрд 470,4 млн рублёў (або 6,7%) больш за чаканае выкананне 2020 года.

Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў рэспубліканскага бюджэту з`яўляюцца: падатак на дададзены кошт, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці.

Часовыя меры па папаўненні бюджэту за кошт падатковых змяненняў, якія прапаноўвае Мінфін, дазволяць фінансава падтрымаць барацьбу з каранавірусам COVID-19 на 800 млн рублёў.

Выдаткі бюджэту на 2021 год сфармаваныя ў суме 27 млрд 350,5 млн рублёў, або 105,2% да чаканага выканання 2020 года.

У цэлым бюджэт на 2021 год сфармаваны з дэфіцытам у памеры 4 млрд 46,9 млн рублёў.

Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў запэўніў дэпутатаў, што ўсе сацыяльныя абавязацельствы будуць захаваныя. „Мала таго, мы яшчэ і прырасцем. І гэта, скажам, будзе той дэфіцыт, які ў нас ёсць, не на шкоду расходам бюджэту. Каля 1,5 млрд рублёў дадаткова будзе прадугледжана толькі на аплату працы бюджэтнікаў, малазабяспечаных катэгорый грамадзян”, — сказаў Селіверстаў, каментар якога паказаў тэлеканал СТВ.

Мяркуецца, што заробкі бюджэтнікаў будуць павышацца ў два этапы з ростам базавай стаўкі, якую плануюць павялічыць да 201 рубля.

„Ведаеце, што ўжо базавая велічыня з 1 студзеня павышаная і ўжо зацверджаная для малазабяспечаных катэгорый, якія вызначылі адпаведныя міністэрствы. Яшчэ дадатковы будзе прырост, які будзе каля 8—9%. І, у прынцыпе, у расходах бюджэту гэта ўсё ўжо прадугледжана. Калі спрацуем на працягу года больш аптымістычна і даходаў паступіць яшчэ, то прадугледжана і другое павышэнне аплаты працы”, — запэўніў Селіверстаў.

belapan.by