У Берасці зноў затрымалі Алену Гнаўк
У Берасці чарговы раз затрыманая грамадская актывістка Алена Гнаўк.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, 63-гадовую жыхарку горада затрымалі раніцай 20 снежня каля ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС, куды яна прынесла рэчы затрыманым.
„Пенсіянерку змясцілі ў ІЧУ. На гэты час прычына затрымання Гнаўк нам невядомая”, — паведаміў Вялічкін.
Ён нагадаў, што 13 снежня супрацоўнікі міліцыі таксама затрымлівалі пенсіянерку. Гэта адбылося на пешаходнай вуліцы Савецкай. Ніякіх акцый пратэсту ў гэты час там не было. Гнаўк прыйшла з сяброўкай выпіць кавы і проста ішла па вуліцы Савецкай. Пенсіянерку даставілі ў Ленінскі РАУС і праз некалькі гадзін адпусцілі без складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Гнаўк — удзельніца акцый прыхільнікаў перамен. Яе ўжо чатыры разы судзілі па артыкуле 23.34 КаАП.
За ўдзел у акцыі 30 жніўня пенсіянерка была аштрафаваная на 30 базавых велічынь (810 рублёў), за ўдзел у акцыі 4 кастрычніка — арыштаваная на 15 сутак, за ўдзел у акцыі 25 кастрычніка — аштрафаваная на 40 базавых велічынь (1.080 рублёў), за ўдзел у акцыі 15 лістапада — аштрафаваная на 50 базавых велічынь (1.350 рублёў).