Прыгажуня і пачвары. Казкі шэрай краіны



У адным шэрым дзіўным краі адбываліся дзіўныя шэрыя рэчы… Мясцовыя жыхары здзіўляцца перасталі. Турысты не маглі не здзіўляцца, але ж новая пошасць захоплівала ўсё новыя і новыя тэрыторыі, то якія турысты ў гэтым краі? Эпідэмія… Так, выпадковыя падарожныя.

У  незвычайнай краіне больш за 130 дзён ішлі пратэсты, а па вуліцах сталіцы ехалі трактары і пад бадзёрую песеньку адной папулярнай некалі спявачкі высвечвалі фарамі снежаньскія туманы. Праляцеў яшчэ адзін выходны дзень. Прыгажуню, якую ўсе ведалі, любілі і шкадавалі, нарэшце выпусцілі з турмы. Там назіраўся востры дэфіцыт то вады, то цяпла, то матрацаў – папераменна. І сумлення – заўжды! Чалавечнасць? Ці начавала яна калі там? Наўрад ці. Чалавечнасць – дзіўны звер, занесены ў Чырвоную кнігу…

Шпацыры робяцца ўсё больш небяспечнымі. Сумеснае распіццё гарбаты даўно стала злачынствам. У Наваполацку арыштавалі Дзеда Мароза.

Пазней адпусцілі, але такія дзеянні міліцыі ў пераднавагоднія дні выклікаюць шмат пытанняў. Так кожны нефармальны ранішнік ці сяброўская сустрэча можа стаць мітынгам… Ці варта псаваць святы малым беларусам, якія і так зашмат хвалююцца ў гэтым годзе то за бабулю з дзядулем, то за маму з татам? Аднаго ковіда было б дастаткова, але ж не – мы старанна памнажаем стрэсы! Быццам хтосьці атрымлівае задавальненне ў працэсе. Дзіўныя рэчы адбываюцца ў свеце… Невыпадкова Дзень работнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі (а папросту – дзень чэкіста!) адзначаецца перад днём зімовага сонцастаяння. Самы кароткі, цёмны і халодны дзень года… Іншая (паганская) назва – Карачун.

То запальвайце ўнутраныя лямпачкі (знешнія прыемныя ўплывы не прарвуцца праз зачыненыя межы!) і не выходзьце на тонкі лёд (хроніка здарэнняў папоўнілася новымі трагічнымі гісторыямі азартных рыбакоў).

Беражыце сябе і сваіх блізкіх. Неўзабаве Раство і Новы год.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ