Віктар Марчык: Упэўнены на 100%, што пасля Лукашэнкі мы будзем жыць добра



Сёння на пытанні Радыё Рацыя адказвае грамадскі актывіст са Слоніма, сябра Рады Беларускага нацыянальнага кангрэса, каардынатар Еўрапейскай Беларусі па Слонімшчыне Віктар Марчык.

РР: Лукашэнка ў апошні час часта выказваецца пра НАТА, пра ўсіх ворагаў з Захаду, якія хочуць, маўляў, захапіць Беларусь. Як Вы гэта пракаментуеце?

Віктар Марчык: Лукашэнка хітры і выдатны маніпулятар, добра маніпулюе свядомасцю людзей. Вось і тут ён знайшоў адзіную нішу, асацыюючы сябе як адзінага абаронцу суверэнітэту, цэласнасці і незалежнасці Беларусі. Але гэта толькі задурванне мазгоў тым, каго ён жадае прыцягнуць на свой бок і зберагчы ўладу, але не ў інтарэсах беларусаў. Ніякай пагрозы НАТА і іншых краін для нас няма. Але Лукашэнку такі сцэнар выгадны, інакш ён згубіць і апошнюю фінансавую дапамогу ад Расеі. Але няхай памятае і Пуцін, бо чым далей ён будзе падтрымліваць у Беларусі злачынны рэжым Лукашэнкі, тым больш грамадзян Беларусі накіруюць свае сімпатыі ў іншы бок, а не ў Расею.

Усе дыктатары, у тым ліку Лукашэнка і Пуцін, ніколі не прызнавалі і не прызнаюць свае памылкі, яны лічылі і лічаць, што іх рашэнні і планы правільныя і непарушныя. Пуцін зрабіў вялікую памылку, што павіншаваў Лукашэнку з перамогай на выбарах. Вядома ж, ніхто не чакаў такой рэакцыі і масавага негатыўнага незадавальнення ад народа Беларусі. Бо выбары Лукашэнка цалкам прайграў. Таму памылка Пуціна можа аказацца фатальнай, а таксама поўнай стратай даверу беларускага народа да Крамля.

РР:  Хто найбольш падтрымлівае сёння рэжым Лукашэнкі ў Беларусі?  

Віктар Марчык: Па-першае, гэта частка сілавікоў, якія прайшлі псіхалагічную і ідэалагічную падрыхтоўку. Па-другое, тыя, хто ля кармушкі Лукашэнкі. Яны рабуюць наш народ, пры гэтым плацяць людзям жабрацкую зарплату, ператвараючы іх у рабоў. А самі маюць найвялікшыя заробкі. Па-трэцяе, тыя, хто працуе на беларускім тэлебачанні і ў дзяржаўных газетах. І гэта разам – каля 10-15%.

РР: Як на Вашу думку, будуць адбывацца далейшыя падзеі ў Беларусі?

Віктар Марчык: Злачынны рэжым так доўга працягвацца не будзе. Я нават і не ўяўляю, які цуд можа здарыцца дзеля таго, каб Лукашэнка яшчэ быў кіраўніком дзяржавы пяць гадоў. Лічу, што яму засталося не больш за 6 месяцаў, ад сілы – год. Але гэта таксама малаверагодна. Але ведаю я і ўпэўнены ў гэтым на сто адсоткаў, што пасля перамогі дыктатуры, мы будзем жыць добра. Няхай не адразу, але будзем. На Бацькаўшчыну пачнуць вяртацца беларусы, якія з-за рэпрэсій пакінулі Беларусь. А гэта разумныя і прагматычныя людзі. Пачнуць развівацца прыватная ўласнасць, адбудоўвацца нашы заводы і фабрыкі, сельская гаспадарка, якія разбурыў Лукашэнка. Адновіцца наша навука, педагогіка, культура і, вядома ж, родная мова, нахабна знішчана  Лукашэнкам. З намі пачнуць супрацоўнічаць замежныя інвестары, наладжвацца эканамічныя і культуралагічныя сувязі з іншымі краінамі свету. Вынікам усяго гэтага будуць новыя рабочыя месцы, высокі заробак і падзенне цэн. Усяго гэтага даўно чакае наш беларускі народ.

Беларускае Радыё Рацыя