КР: Мы заўсёды дзейнічалі ў прававым полі



Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі (КР) выступіла з заявай у сувязі з завядзеннем супраць яе членаў новых крымінальных спраў.

„Сёння супраць Каардынацыйнай рады распачалі дзве новыя крымінальныя справы на падставе ч. 1 арт. 361-1 і ч. 1 арт. 357. Нас абвінавачваюць у змове з мэтай захопу ўлады незаконным шляхам і дзейнасці ад асобы экстрэмісцкага фармавання, — адзначаецца ў заяве, распаўсюджанай у тэлеграм-канале КР. — У межах гэтых артыкулаў членам КР можа пагражаць ад двух да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі”.

Падкрэсліваецца, што КР быў створаны як пляцоўка для перамоваў з мэтай пераадолення палітычнага крызісу. „Мы заўсёды дзейнічалі ў межах прававога поля і ніколі не заклікалі да незаконных дзеянняў. Мы працягваем настойваць на дыялогу, а не грубым парушэнні правоў грамадзян выказваць сваё меркаванне. Наша мэта застаецца ранейшай — дыялог для вырашэння палітычнага крызісу, — сказана ў заяве. — Каардынацыйная рада ўпэўненая, што націск на членаў КР і абсурдныя абвінавачванні — чарговая спроба пазбавіць беларусаў магчымасці выбіраць сваю ўладу, выказваць сваё меркаванне і змагацца за сваю свабоду. Легітымная ўлада не мае патрэбы ў рэпрэсіях”.

У сувязі з завядзеннем спраў заяву выпусціла таксама Народнае антыкрызіснае кіраванне (НАК), якое ўзначальвае член прэзідыума КР, экс-дыпламат Павел Латушка. У ім гаворыцца, што гэтыя дзеянні ўладаў разглядаюцца як палітычна матываваныя, а „нелегітымны рэжым працягвае рэпрэсаваць і душыць праявы любога іншадумства”.

На думку сябра НАУ адваката Міхаіла Кірылюка, „распачынанне крымінальных спраў па такіх падставах і без доказаў сведчыць аб тым, што мэта работы абвінаваўцаў не абарона бяспекі Беларусі, а спроба запалохаць палітыкаў, юрыстаў і грамадскіх актывістаў”. „Калі б у дзеяннях КР былі хоць нейкія прыкметы экстрэмізму, пракуратура б ужо даўно прад’явіла доказы шырокай аўдыторыі. Тое, што такія доказы не паказаныя, сведчыць толькі пра адно — іх няма”, — лічыць юрыст.

Увечары 21 снежня Генеральная пракуратура паведаміла пра распачынанне крымінальных спраў „па фактах стварэння экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім, фінансавання яго дзейнасці з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.

„Генеральная пракуратура з улікам дадзеных, атрыманых падчас расследавання Следчым камітэтам крымінальнай справы ў дачыненні да членаў так званай каардынацыйнай рады на падставе ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса, прыняла рашэнне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да Ціханоўскай С.Г., Калеснікавай М.А., Знака М.А., Латушкі П.П., Кавальковай В.А., Дылеўскага С.А. і іншых асоб па факце стварэння экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім, г.зн. здзяйснення злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Адзначаецца, што „ў дачыненні да Лявончыка А.Л. i iншых грамадзян Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу ў сувязі з фінансаваннем дзейнасці экстрэмісцкага фармавання паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса”.

Для арганізацыі папярэдняга расследавання крымінальныя справы перададзеныя ў цэнтральны апарат Следчага камітэта.

Акрамя таго, паводле даручэння Генпракуратуры СК распачаў крымінальную справу „ў дачыненні да членаў так званай каардынацыйнай рады і іншых асоб на падставе ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.

„Кожнаму факту аказання садзейнічання экстрэмісцкаму фармаванню, якое кіруецца Ціханоўскай С.Г., Калеснікавай М.А., Знакам М.А., Латушкам П.П., Кавальковай В.А., Дылеўскім С.А. і іншымі асобамі, з боку грамадзян Рэспублікі Беларусь, асоб без грамадзянства, замежных грамадзян, уключаючы службовых асоб, будзе дадзеная прынцыповая прававая ацэнка”, — папярэджвае Генпракуратура.

Ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (на яе падставе распачатая справа 20 жніўня, на наступны дзень пасля стварэння КР) — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі ці глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт (пакаранне: ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі).

Ч. 1 арт. 361-1 КК — стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо кіраўніцтва такім фармаваннем або яго структурным падраздзяленнем (абмежаванне волі да 5 гадоў або пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў).

Арт. 361-2 КК — фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 6 гадоў).

Ч. 1 арт. 357 КК — змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў).

belapan.by