“Каляды ў польскай паэзіі”



Польскі Інстытут у Менску запрашае на апошнюю ў гэтым годзе сустрэчу з цыклу “Санаторый пад клепсідрай”, падчас якой гаворка пойдзе пра светлае свята Божага Нараджэння і традыцыі каляднай паэзіі ў польскай літаратуры – “КАЛЯДЫ Ў ПОЛЬСКАЙ ПАЭЗІІ”.

Беларускія перакладчыкі згадаюць улюбёных польскіх лірыкаў і пакажуць іх вершы з матывамі Віфлеемскай зоркі, біблейскіх магаў Бальтазара, Каспара і Мельхіёра, анёлаў і пастухоў, жывёлы і ясляў – і ўсяго, без чаго немагчыма ўявіць сабе добрую калядную паэзію. 

Паэты і перакладчыкі разам паразважаюць над пытаннямі, чаму існуе Раство, што робіцца перад тым, як запальваецца ялінка, якіх цудаў чакаць ад каляднай пошты і дзеля чаго неабходна выправіцца ў вандроўку. 

Прагучаць вершы Баляслава Лесьмяна, Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага, Станіслава Ежы Леца, Чэслава Мілаша, Кшыштафа Каміля Бачыньскага, Тадэвуша Гайцы, Тадэвуша Бароўскага, Станіслава Бараньчака, Яна Твардоўскага, Рышарда Крыніцкага і некаторых іншых. 

У вечарыне прымуць удзел перакладчыцы Марына Казлоўская, Марыя Мартысевіч і Кацярына Маціеўская. Мадэратар – Андрэй Хадановіч.

Запрашаем на прамы эфір у аўторак 22 снежня а 18-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Менску ў Фэйсбуку