Святлана Анікей: Беларусы жывуць у пастаянным стрэсе на мяжы са смерцю



Вядомая беларуская акторка Святлана Анікей днямі прыехала з Беларусі ў Падляшша, у вёску Гацькі. Акторка пакінула Купалаўскі тэатр разам з астатнімі купалаўцамі 26 жніўня на знак пратэсту.

З сённяшняй «Госцяй Рацыі» – найлепшай акторкай па версіі 15-га Агульнапольскага фестывалю сучаснай драматургіі, купалаўкай пагутарым пра тое, чаму яна часова пакінула Беларусь і які ён, сучасны беларускі тэатр.

РР: Як Вы дабраліся?

Святлана Анікей: Беларусь зачыняюць і больш мы не зможам выехаць самаходам. А мужу трэба было рабіць свае справы хутка, бо ў Беларусі ён ужо паўгода знаходзіцца. І паколькі мы выбралі такую пасіўную форму пратэсту, мы нічога не куплялі і стараліся не абменьваць даляры, каб не карміць нашу ўладу, мы сядзелі як у манастыры. Аднак, мужу трэба працаваць. І нам трэба было апынуцца ў Еўропе. І ён не захацеў, каб я адна заставалася. Ён мяне з сабой пацягнуў, каб я яго тут чакала, пакуль ён свае справы зробіць. А пасля ізноў паедзем на Радзіму.

РР: Як Вы ставіцеся да таго, што мажліва гэта будзе апошні выезд з Беларусі ці ўсё ж такі ў Вас будзе мажлівасць вярнуцца ў наступным годзе?         

 Святлана Анікей: Я не думаю, што гэта ўсё сур’ёзна. У Беларусі зараз людзі знаходзяцца ў такім стрэсе. Я тут сяджу ў вёсцы Гацькі. Сёння ўжо трэці дзень. Аднак я яшчэ не магу адысці ад стрэсу. Я яшчэ не адчуваю сябе вольна. У Беларусі кожны дзень дзесяць разоў цябе аблівае халодным потам. Гэтыя навіны, ты не ведаеш ці будзеш ты заўтра жывы, ці цябе заб’юць. Але зараз, калі я ўжо трохі адышла, магу сказаць, што ўсё гэта не на доўгі час. Усё мяняецца. Зараз у іх нейкі новы закон, што людзі мусяць плаціць за свой выезд 81 беларускі рубель. Ім патрэбныя грошы і яны зараз пачнуць выпускаць людзей.

РР: Як Вы правялі гэтыя чатыры месяцы? Гэта быў пастаянны стрэс, нарастанне ці ўсё ўжо суціхае?

Святлана Анікей: Не, нічога не сціхае. Большая частка людзей так жывуць. Гэта больш чым стрэс – ты на мяжы са смерцю. Мы як у атачэнні. Мы сышлі з тэатру, у мяне забралі гэту кватэру. Гэта не самае страшэннае. Бо трэба ж плаціць падаткі за кватэру. І я не хачу гэта рабіць. Напрыклад, я купляла ў крамах толькі тое, што я магу купляць, толькі тое, што не корміць улады. У мяне ўсё было вельмі строга. Кожны чалаваек змагаецца як можа з гэтай сістэмай. З кожным днём гэта становіцца як манастыр нейкі. Гэта поўны аскетызм у жыцці, але людзі згодныя цярпець усё што толькі мажліва, абы скончыліся гэтыя страшныя часы, гэтыя забойствы, гэты жах. Калі ты жывеш у краіне, дзе няма закону. Гэта не тое слова – няма закону. Гэта бандытызм!

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота са старонкі Святланы Анікей у Facebook.