Павел Латушка: Усе крокі ў адказ на санкцыі не будуць мець ніякага ўплыву



Афіцыйны Менск у адказ на „трэці пакет” санкцый Еўразвяза рыхтуе адпаведныя меры, пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Перш за ўсё, па яго словах, будзе павялічаны „чорны спіс” прадстаўнікоў ЕЗ. Таксама пад санкцыі Беларусі трапяць міжнародныя фонды і разнастайныя адукацыйныя і культурныя праграмы.

Усё, што могуць улады Беларусі, толькі нашкодзіць уласным грамадзянам, так у нашым эфіры «меры ў адказ» на еўрапейскія санкцыі пракаментаваў сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка:

– Мы разумеем, што еўрапейскія палітыкі і раней не ездзілі ў Беларусь і не планавалі бліжэйшым часам выязджаць. Што тычыцца перапынення праграмаў у культурнай, гуманітарнай і сацыяльнай сферах, то ўлада сваімі рукамі фактычна робіць шкоду для саміх беларусаў. Так што тут усе крокі, якія могуць быць у адказ, яны не маюць фактычна ніякага ўплыву.

МЗС Беларусі заяўляе, што меры з боку Беларусі будуць прынятыя яшчэ як мінімум па трох напрамках. Іх пакуль не называюць. Так у афіцыйным Менску рэагуюць на „трэці пакет санкцый”, якія праняў Еўразвяз, у „чорны спіс” трапілі яшчэ 29 асобаў і 7 прадпрыемстваў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя