Павел Латушка: Адбываецца зачыстка палітычнага поля ў Беларусі



Ва ўмовах прававога дэфолту іншых захадаў цяжка чакаць. Павел Латушка пракаментаваў заведзеныя справы супраць сябраў Каардынацыйнай рады.

Напярэдадні беларуская пракуратура завяла справы на Ціханоўскую, Кавалькову, Латушку і іншых сябраў Каардынацыйнай рады. Ім пагражае да 12 год турмы. Ведамства называе Каардынацыйную раду, створаную пасля выбараў, «экстрэмісцкім фармаваннем», і завяла справу паводле ч.1 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса. Фактычна ўлада пачала чарговы этап вайны супраць грамадства і яе прадстаўнікоў, заўважае Павел Латушка.

– Адбываецца зачыстка палітычнага поля ў Беларусі. З аднаго боку Лукашэнка кажа пра дыялог. Кажа пра змены ў Канстытуцыі шляхам грамадскага абмеркавання. З другога боку – нішчыць усе магчымасці ўсіх тых, хто мог бы сказаць сваё слова і выказаць свае думкі на гэты конт. І пра які дыялог можна весці размовы.

Каардынацыйная Рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі выступіла з заявай у сувязі з завядзеннем супраць яе чальцоў новых крымінальных справаў. Там чытаем, што рада «заўсёды дзейнічала ў рамках прававога поля і ніколі не заклікала да незаконных дзеянняў». Мы працягваем настойваць на дыялогу. Наша мэта застаецца ранейшай — дыялог для вырашэння палітычнага крызісу», — адзначаецца ў заяве Каардынацыйнай рады.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя