Марафон Калядных паштовак да палітвязняў



Калядныя святы − самыя светлыя і самыя кранальныя. Гэта час, калі мы спадзяемся на лепшае, загадваем жаданні і, у незалежнасці ад узросту, чакаем цудаў. На жаль, многія з нас сёлета так і не збяруцца за святочным сталом, не сагрэюцца ўсмешкамі сваіх родных і блізкіх.

На дадзены момант палітвязнямі ў Беларусі застаюцца 158 чалавек. У гэтыя калядныя дні ім, як ніколі, трэба ведаць, што ёсць спагада і дабро, што ёсць наша салідарнасць, неабыякавасць, і ёсць надзея.

15 снежня Беларускі Дом у Варшаве распачаў Марафон калядных паштовак, які заклікaае падтрымаць беларускіх палітзняволеных, даслаўшы ім святочныя віншаванні.  У акцыі ўзялі ўдзел вядомыя беларусы, а таксама палякі – оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, стваральнік каналаў Nexta Сцяпан Пуціла, гурт Navi Band і іншыя беларусы, якія вымушаныя былі з’ехаць за мяжу.

Адмыслова для акцыі мы зрабілі спецыяльную функцыю на сайце – цяпер Вам дастаткова націснуць гузік „Каго павіншаваць з Калядамі” і сістэма сама прапануе Вам адрас для ліставання. Паспрабаваць можна тут.