Кіраўнікі „Прэс-клуба”, па ўсёй імавернасці, затрыманыя на 72 гадзіны
Кіраўнікі „Прэс-клуба Беларусь”, па ўсёй імавернасці, затрыманыя на 72 гадзіны. Інфармацыя пра іх вызваленне пасля вобшукаў і допытаў у дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю не паступала.
Затрыманні адбыліся 22 снежня. Заснавальніцу прэс-клуба Юлію Слуцкую перахапілі ў менскім аэрапорце, калі яна вярталася з дачкой з Егіпта. У кватэрах Слуцкай і праграмнага дырэктара арганізацыі Алы Шарко прайшлі вобшукі. Абедзвюх даставілі ў ДФР.
Перасталі выходзіць на сувязь дырэктар прэс-клуба Сяргей Альшэўскі і праграмны дырэктар акадэміі прэс-клуба Сяргей Якупаў.
Прэс-служба КДК паведаміла дзяржаўнаму інфармагенцтву БелТА, што ведамства „праводзіць праверку па фактах парушэнняў падатковага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у дачыненні да службовых асоб культурна-асветніцкай установы „Журналісцкая майстэрня прэс-клуб” і іншых суб’ектаў гаспадарання, звязаных у тым ліку з паступленнем буйных грашовых сум з-за мяжы”.
Адвакат Сяргей Зікрацкі, які бесвынікова спрабаваў трапіць у кватэру Шарко падчас вобшуку, напісаў у сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”: „Можа быць, гэта прагучыць жорстка, але мне здаецца, што затрыманне Юлі і Алы на 72 гадзіны — гэта добры знак. Крымінальнай справы не было, адвакатаў не пусцілі, і дзяўчат проста прэсавалі ўвесь гэты час. Яны хацелі патрэбныя паказанні і іх не атрымалі. Таму і закрылі на 72 гадзіны. Вельмі спадзяемся, што адпусцяць праз 72 гадзіны”.
„Прэс-клуб” пазіцыянуе сябе як пляцоўку для прафесійнага развіцця медыясупольнасці. Сваёй місіяй называе „захаванне прафесіі журналіста ва ўмовах падзення яе аўтарытэту і эканамічнай прывабнасці да таго моманту, калі стане магчымай сацыяльна-палітычная, эканамічная трансфармацыя Беларусі”.
У дзень вобшукаў і затрыманняў у прэс-клубе міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў пра меры ў адказ на трэці пакет санкцый з боку Еўразвяза: „Прынятае рашэнне аб абмежаванні дзейнасці шэрагу палітычных фондаў у Рэспубліцы Беларусь, а таксама аб пераглядзе рэалізацыі шэрагу так званых гуманітарных, адукацыйных, культурных праграм, якімі займаюцца адпаведныя палітычныя інстытуты ў Беларусі, у тым ліку якія дзейнічаюць і пад эгідай пасольстваў замежных дзяржаў. Ёсць яшчэ як мінімум тры напрамкі, па якіх будуць прынятыя адэкватныя меры ў адказ з боку Беларусі ў адрас нашых еўрапейскіх партнёраў. Мы не хацелі б даводзіць да агульнага ведама гэтыя меры, але яны будуць сапраўды вельмі адчувальнымі і сур’ёзнымі”.
17 снежня ЕЗ ухваліў трэці пакет санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў. Пад санкцыі трапілі каля 30 фізічных асоб, а таксама Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, „Белтэхэкспарт”, „Дана холдынгз/Дана Астра”, „Сінезіс”, „Агат”, 140-вы рамонтны завод, Мінскі завод колавых цягачоў.