Агляд прэсы: сезон “чырвоных картак”



Дыктатар ці паства. Доўгая дарога супраць Орбана. “Дзікі Захад” у Еўропе. Падман як спорт. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Цэнтральнаеўрапейскае выданне Visegradinsight апублікавала даследаванне Наталлі Васілевіч “Царква перад выбарам: “Лукашэнка альбо паства”. У цэнтры ўвагі – Беларуская праваслаўная царква, якая мае звыклую тэндэнцыю падтрымліваць любыя дзяржаўныя органы. Але цяперашні рэжым Беларусі атрымаў падтрымку царквы менавіта з-за ўвядзення пэўных прывілеяў для яе. Пасля пратэстаў такая лаяльнасць рэжыму зніжае давер да клерыкаў, што прыводзіць да большага расслаення паміж Царквой і народам, што будзе мець доўгатэрміновыя наступствы для рэлігійнай супольнасці ў Беларусі паміж Царквой і народам.

Як адзначае аўтар матэрыялу, такому расколу садзейнічае, у першую чаргу, рахманыя паводзіны новага мітрапаліта Веніяміна і крокі протаірэя Фёдара Поўнага, які ў адрозненне ад мітрапаліта Паўла, не вагаецца паміж полюсамі і выступае як царкоўны “палітрук”. “У сукупнасці, Беларуская праваслаўная царква, абвяшчаючы нейтралітэт, мае на ўвазе ігнараванне гвалту,  фальсіфікацый, рэпрэсій і беззаконня з боку цяперашняй улады. Што не можа быць прынята большасцю прыхаджан”, – падсумоўвае Visegradinsight.

Шэсць апазіцыйных партый Венгрыі падпісалі сумесную заяву, згодна з якой яны маюць намер выступіць на наступных парламенцкіх выбарах ў 2022 годзе адзіным блокам. Дагавор прадугледжвае, што партыі прадставяць адзіны выбарчы спіс і вылучаць у кожнай з выбарчых акругаў аднаго агульнага кандыдата. Еўрапейскія СМІ з лёгкім скепсісам ацэньваюць шанец апазіцыі адцясніць ад штурвала ўлады Орбана і яго кампанію.

Галоўны аргумент: “Фідэс ня знікне раптоўна”. Менавіта пад такім загалоўкам журналіст венгерскага выдання Magyar Hang Адам Томпаш мяркуе, што апазіцыя ўскладае на цяперашні альянс занадта вялікія надзеі:

«У мяне складваецца ўражанне, што апазіцыя ўяўляе сабе сваю магчымую перамогу наступным чынам: у радасны і п’янлівы дзень выбараў у красавіку 2022 года раптам у імгненьне вока бясследна знікне ўся сістэма “нацыянальнага супрацоўніцтва” разам з усім, што яна навараціла за апошняе дзесяцігоддзе.”

Выданне Magyar Hang раіць апазіцыі наступаючыя выбары для пачатку проста выйграць, бо тон у апазіцыйным лагеры задае блок, які ўвасабляе сабой ужо пераадоленае мінулае.

Ужо некалькі тыдняў таму СМІ паведамілі аб тым, што агенцтва Еўрапейскага саюза па бяспецы знешніх межаў Frontex не толькі схавала факт незаконнай практыкі грэчаскіх памежнікаў, якія не прымалі лодкі з бежанцамі, – але і само актыўна ўдзельнічала ў такіх мерапрыемствах. Як адзначаюць аглядальнікі, скандал тут заключаецца далёка не толькі ў дзеяннях асобных памежнікаў.

У сваім артыкуле гішпанскай газеты El País сацыёлаг Самі Наір абрынуў на ЕЗ рэзкую крытыку: «Гаворка тут ідзе не толькі аб парушэнні правоў чалавека. У наяўнасці парушэнне прававых нормаў з боку кантрольных органаў ЕЗ. Такім чынам, пад пытаннем аказваюцца сама ідэнтычнасць ЕЗ і базавыя каштоўнасці супольнасці”.

Агенцтва Frontex стваралася для таго, каб праводзіць адсеў новых уцекачоў у строгай адпаведнасці з нормамі ЕЗ у сферы міжнароднага права, а не для таго, каб усталёўваць на межах супольнасці права моцнага – у горшых традыцыях Дзікага Захаду, падсумовае газета El País.

З-за маніпуляцый з допінг-пробамі Расея, паводле рашэння Спартыўнага арбітражнага суду, не зможа ўдзельнічаць на працягу двух наступных год у Алімпійскіх гульнях у Токіо і Пекіне. Пры гэтым спартсмены, якія не былі абвінавачаныя ва ўжыванні допінгу, змогуць выступаць пад нейтральным сцягам. Аглядальнікі выказалі сваю незадаволенасць вынікамі. Асабліва крытычна выказалася французская газета Le Monde”: “Занадта мяккае рашэнне”.

Выданне акцэнтуе ўвагу на тым, што такі прысуд валодае “прысмакам некаторай незавершанасці”. Прысуд не адпавядае цяжкасці агучаных абвінавачванняў і, мяркуючы па ўсім, не зможа ў дастатковай ступені паўплываць на краіну, якая ператварыла падман у свой “самы праўдзівы нацыянальны спорт”. “Узнікае пытанне, наколькі спартыўны свет можа – і наогул гатовы – паважаць правілы, які сам і ўвёў», задаецца рытарычным пытаннем Le Monde.

Беларускае Радыё Рацыя