Таццяна Сапач



З паэткай Таццянай Сапач было вельмі цікава гаварыць, гуляць па Вільні, смяяцца.

  Смяяцца “з нічога” і да слёз.   

 Пасля размоваў, шпацыраў і смеху – адчуваць сябе шчаслівай.

 Але Таня заставалася таямніцай, як і яе паэзія.

 Што трэба адчуваць, чуць і бачыць, каб так скласці словы.

 Адзінота

О, гэта ноч! Стамляюцца мяняцца сляпыя вочы вечных святлафораў. І аціхаюць шолахі шалёных з апаленымі крыламі мятлух, і ўладны над дарогай павадыр няшчаснага вандроўніка-нябогі са смехам і шкадобаю камечыць ручнік, што звязваў рухі іхных рук… О, гэта ноч! І заміраюць шэпты шчаслівых і зняможаных каханкаў, і прачынаецца і тут гасцюе сон.

І зараз мне няма куды спяшацца — падлічаны учора страты ловаў, і меч яшчэ не высах ад крыві, і значыць, можна жыць цяпер спакойна. Да часу! Будзе дзень, і будзе дзея, і той, хто быў сляпы, відушчым стане, і будзе наш нябога ўладаром… А толькі мне няма куды і ўжо даўно няма куды ісці — там нехта ёсць, і я яго баюся.

2010 год быў для Тані Сапач поўны выпрабаванняў.  

4 сакавіка  2010 года яна пісала:

”Зьнялі ўчора швы, цяпер адчуваю сябе склеенай вазай. Як бы і цэлая, а ўжо бітая. Зьбіраемся з Сяргеем на выходныя ў Менск, запісваць чарговую порцыю інтэрв’ю для свабадзянскай перадачы”.

А ў снежні 2010 года перапісваліся ў чаце, Таня пісала, што едуць у Гайнаўку.

 Мы дамаўляліся сустрэцца пасля Новага Году ў Вільні.

“Дарога – выпрабаванне”, – напісала Таня.

Для мяне гэта былі яе апошнія словы.

 

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ