Гомельскі гісторык праз суд дабіваецца аднаўлення на працы
Вядомы гомельскі гісторык і краязнаўца дабіваецца ў судовым парадку аднаўлення на працы, якой яго пазбавілі падчас восеньскіх пратэстаў.
Афіцыйна працоўныя адносіны з кандыдатам мастацтвазнаўства Яўгенам Малікавым адміністрацыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту прыпыніла праз “амаральныя ўчынкі”. Звольнены выкладчык працягвае судзіцца з адміністрацыяй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.
– Я так разумею, што ў нашай сістэме вышэйшай адукацыі ці прынамсі ў тым універсітэце, дзе я працаваў, не патрэбныя выкладчыкі-прафесіяналы, кандыдаты навук, якія маюць досвед 16 год працы са студэнтамі. Якія абсалютна даходліва тлумачаць студэнтам свае дысцыпліны, таму што яны за 16 год сталі прафесіяналамі ў іх выкладанні. Відаць, не трэба.
Выкладчык Яўген Малікаў адбыў 5 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня. Па выхадзе з ізалятара адміністрацыя ВНУ вынесла навукоўцу вымову, якую ён паспрабаваў аспрэчыць. Пазней да яго з’явіліся прэтэнзіі за допісы ў сацыяльных сетках. У выніку разбіральніцтваў кіраўніцтва БелДУТ звольніла Яўгена Малікава “за амаральны ўчынак”. У адказ выкладчык падаў на ўніверсітэт у суд. Наступнае пасяджэнне па грамадзянскай справе “Малікаў супраць БелДУТ” адбудзецца 28 снежня.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота: vk.com