Слонімцы заклікалі падтрымаць “Наша слова”
Адбыўся сход сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. Сярод шматлікіх пытанняў, слонімцы абмеркавалі сітуацыю ў краіне, а таксама разгледзелі пытанне падтрымкі падпісной кампаніі ў Беларусі, якая закончыцца праз некалькі дзён.
Сябра ТБМ Уладзімір Літвін прапанаваў, найперш, падпісацца на першае паўгоддзе 2021 года ўсім сябрам згуртавання на беларускамоўныя выданні. “Калі за адражэнне мовы, чытай, спадарства, “Наша слова”! У каталогу інфармацыя пра “Наша слова” знаходзіцца на старонцы 59. І кошт змяніўся нязначна, – адзначыў Уладзімір Літвін.—Калі не будзе падпіскі на газету “Наша слова” Таварыства беларускай мовы, то газета можа знікнуць з беларускай прасторы. А сёння выхад яе вельмі неабходны”.
Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл пагадзіліся з выступоўцам і заклікалі ўсіх беларусаў у гэтыя дні падпісацца не толькі на газету “Наша слова”, а таксама падтрымаць падпіску беларускамоўных газет “Новы час”, “Краязнаўчую газету”, “Культура” і іншыя.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя